10 фактаў пра смяротнае пакаранне ў Беларусі
Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе і на постсавецкай прасторы, дзе прыводзяцца ў выкананне смяротныя прысуды. «Салідарнасць» высвятляла, як змянілася стаўленне да гэтага беларусаў, колькі чалавек было асуджана цягам апошніх 20-ці гадоў, і каго адзінага памілаваў Лукашэнка.
1. 1996-ы: На рэферэндуме па пытанні смяротнага пакарання дэбютавала Ярмошына
Смяротнае пакаранне ў Беларусі было ўзаконена на рэферэндуме ў лістападзе 1996 года. Паводле афіцыйных дадзеных ЦВК, супраць адмены смяротнага пакарання выказаліся 80,44 % ад ліку тых, якія мелі права ўдзельнічаць у рэферэндуме. «Наколькі афіцыйным дадзеным можна давяраць — асобнае пытанне. Тым не менш, варта адзначыць, што гэты рэферэндум — дэбют Лідзіі Ярмошынай на пасадзе старшыні ЦВК», — нагадваецца ў аналітычным матэрыяле Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў.
Праз 16 год пасля рэферэндуму былы старшыня Канстытуцыйнага суда і генеральны пракурор Беларусі Рыгор Васілевіч у інтэрв’ю «Еўрарадыё» заявіў:
— Рашэнне таго рэферэндуму насіла кансультацыйны характар і ў прынцыпе можна вырашыць інакш. Але і кіраўнік дзяржавы, і парламент — яны прадстаўляюць народ. І меркаванне грамадзян для іх мае важнае значэнне, якое ўплывае на прыняцце імі рашэнняў.
2. Сацыёлагі: 40,7 % беларусаў за адмену смяротнага пакарання
Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў з 2008 года рэгулярна праводзіць апытанне аб стаўленні беларусаў да смяротнага пакарання.
У верасні 2012-га было апытана 1502 рэспандэнты ад 18 гадоў і старэйшыя метадам face-to-face. Памылка рэпреэентатыўнасці не перавышае 0,03.
Цікава, што сярод тых, хто выступае супраць адмены смяротнага пакарання, 57,3 падтрымліваюць Лукашэнку.
Як адзначаецца ў аналітычным матэрыяле НІСЭПД, праблема захавання смяротнага пакарання знаходзіцца на перыферыі грамадскага меркавання.
У чэрвені 2012-га толькі адзін рэспандэнт уключыў яго ў спіс самых важных праблем, якія мусіць вырашаць урад Беларусі.
3. Лукашэнка: «Я ніколі сам не пайду на ўвядзенне мараторыя»
Звяртаючыся са штогадовым пасланем парламенту і народу ў траўні 2012 года, Лукашэнка адказаў на пытанне дэпутата Самасейкі аб праблеме смяротнага пакарання і магчымасці ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне.
— Я ніколі сам не пайду на ўвядзенне мараторыя, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Я ведаю настроі людзей.
Са слоў Лукашэнкі, ён як прэзідэнт павінен зрабіць так, як хоча грамадства:
— Калі ты гад і нягоднік і ідзеш на злачынства, будзь гатовы за яго адказаць. Хаця, можа быць, грамадства падышло да мараторыя.
Неаднойчы кіраўнік дзяржавы і прадстаўнікі ўлады спасылаліся на рэферэндум, згодна з якім «большасць грамадзян краіны выказалася за захаванне дадзенай меры пакарання».
На прэс-канферэнцыі ў снежні 2011-га Лукашэнка запэўніў журналістаў, што «усе прысуды да смяротнага пакарання праходзяць праз яго сэрца».
Ён нагадаў, што матэрыялы па гэтых крымінальных справах кладуць на ягоны стол.
— Я заўсёды патрабую, каб было прыкладзена, за што чалавека асуджаюць да выключнай меры.
Як адзначыў Лукашэнка, да дакументаў абавязкова далучаюць фатаграфіі.
— Мне страшна становіцца… Узламваюць кватэру, забіваюць усю сям’ю, гвалтуюць малалетніх дачок, потым разразаюць, прабачце, на кавалкі, кідаюць у ванну і сыходзяць. Іх потым затрымліваюць, даюць 25 гадоў… У мяне, як і у вас, пачуццё адно — вось іх бы на кавалкі пасекчы так і ў ванну.
…Калі ёсць хоць найменшая зачэпка, што гэта, можа быць, не зусім дакладна… Ён атрымлівае пажыццёвае зняволенне… Так якія могуць быць да нас прэтэнзіі?
4. Каго памілаваў Лукашэнка
У праваабаронцаў выклікае занепакоенасць закрытасць ад грамадства вынікаў дзейнасці Камісіі па пытаннях памілавання і рашэнняў прэзідэнта па справах асуджаных да смяротнага пакарання.
На дадзены момант вядома толькі адно рашэнне прэзідэнта аб памілаванні асуджанага да смяротнага пакарання.
Дзмітрый Хархаль правёў у камеры смяротнікаў у мінскім СІЗА больш за год. У чэрвені 2003-га яму замянілі смяротны прысуд пазбаўленем волі тэрмінам на 15 год.
Дзмітрый расказаў свайму адвакату, што пакуль ён знаходзіўся ў камеры смяротнікаў, турэмныя наглядчыкі часта білі яго. Прычым пасля кожнага збіцця прымушалі яго гаварыць «вялікі дзякуй». Са слоў адваката, некалькі разоў Дзмітрыя выводзілі з камеры і прымушалі паўзці ў ванную, але мыцца не дазвалялі.
Заявы аб жорсткам абыходжанні ўлады не расследвалі.
5. Колькі смярот ных прысудаў было выканана – грамадскасці невядома
— Жахлівасць смяротнага пакарання не толькі ў тым, што дзяржава забівае людзей, а яшчэ і ў той таямніцы, якую дзяржава робіць з самаго выканання гэтых прысудаў, — гаворыць каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання» Андрэй Палуда.
Праваабаронцы сведчаць, што могуць прыводзіць статыстыку толькі вынесеных смяротных прысудаў.
З 1990 па 2011 год да выключнай меры пакарання ў Беларусі былі асуджаны 324 чалавекі.
Паводле дадзеных дэпартаменту выкананьня пакараньняў МУС, за апошнія гады колькасць смяротных прысудаў паменела. Напрыканцы 90-х гадоў суды выносілі па 30-40 смяротных прысудаў штогод. У 2000-ыя сітуацыя выглядае наступным чынам: 2001 – 7 прысудаў, 2002 – 4 прысуды, 2003– 4, 2004 —2, 2005 – 2, 2006 – 9, 2007 – 4, 2008 – 1, 2009 – 2, 2010 – 1, 2011 – 2.
6. За што ў Беларусі асуджаюць на смерць
Згодна з Крымінальным кодэксам смяротнае пакаранне можа прызначацца за падрыхтоўку і вядзенне агрэсіўнай вайны (арт. 122), тэрарыстычны акт супраць прадстаўніка іншай дзяржавы (арт. 124), міжнародны тэрарызм (ст. 126), генацыд (арт. 127), злачынствы супраць бяспекі чалавецтва (арт. 128), прымяненне зброі масавага паражэння (арт. 134), парушэнне законаў і звычаяў вайны (арт. 135), забойства (арт. 139), тэрарызм (арт. 289), здраду дзяржаве (арт. 356), змову ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады (арт. 357), тэрарыстычны акт (арт. 359), дыверсія (арт. 360), забойства супрацоўніка міліцыі (арт. 362).
Смяротнае пакаранне не можа быць прызначана асобам, якія ўчынілі злачынствы ва ўзросце да 18 год, жанчынам, і мужчынам, якія дасягнулі да дня вынясення прысуду 65-ці год.
7. Маці смяротніка пахавала на могілках рэч свайго сына
На ўсе звароты ў Міністэрства ўнутраных спраў родныя расстраляных асуджаных атрымлівалі адказы з Дэпартамента выканання пакаранняў:
«Згодна з пунктам 5 артыкула 175 Крымінальнага кодэкса, целы пасля смяротнага пакарання родным не выдаюцца, і месца пахавання не паведамляецца».
Родным не гавораць ні дату расстрэлу, а ў пасведчанні аб смерці ў графе «прычына смерці» ставяць прочырк.
Паколькі дзяржава старанна хавае гэтую інфармацыю, гэта спараджае легенды пра тое, што смяротнікаў разбіраюць на органы ці што яны працуюць на уранавых рудніках. Хоць ніхто пра такія руднікі ў Беларусі не чуў, — адзначае Андрэй Палуда.
Блізкія і сям’я пакаранага пазбаўлены магчымасці пахаваць роднага чалавека і потым наведваць яго магілу.
Як расказаў «Салідарнасці» Андрэй Палуда, маці аднаго смяротніка пахавала на могілках рэч, якая належала яе сыну і паставіла помнік, каб было дзе яго памянуць.
Калі асуджаны да смяротнага пакарання здзяйсняе самагубства, памірае з-за хваробы ці яго забіваюць у турме, яго цела выдаюць сваякам для пахавання.
Былы начальнік мінскага СІЗА Алег Алкаеў у інтэрв’ю Amnesty International узгадаў, як аднойчы ў камеры апынуліся два асуджаных да смяротнага прысуду. Дзяжурны позна заўважыў, што адбываецца, і не паспеў іх выратаваць. Целы самазабойцаў былі перададзеныя родным за два дні да даты, на якую было прызначанае выкананне прысуду.
8. Да смяротнага пакарання прыгаварылі непісьменнага
У 2009-ым годзе суд асудзіў да смяротнага пакарання 30-гадовага жыхара Драгічынскага раёну Васіля Юзэпчука, які быў прызнаны вінаватым ва ўчыненні серыі забойстваў пажылых жанчын.
Асуджаны накіраваў хадайніцтва аб памілаванні прэзідэнту. Ён прасіў захаваць яму жыццё, настойваючы на тым, што ў будучым могуць з’явіцца абставіны, якія пацвердзяць яго невінаватасць. Калі ж прысуд будзе выкананы, то ў выпадку выяўлення памылкі выправіць яе будзе немагчыма.
Па словах адвакатаў, што выступалі ў судовым паседжанні па справе Юзэпчука, прысуд Брэсцкага абласнога суда пабудаваны на здагадках, прамых доказаў няма, у аснову абвінаваўчага прысуду былі пакладзеныя галоўным чынам сведчанні супрацоўнікаў міліцыі, — расказаў «Салідарнасці» Андрэй Палуда. — Ёсць факты, якія сведчаць, што Юзэпчуку падчас знаходжання ў следчым ізалятары наносіліся цялесныя пашкоджанні, што было зафіксавана. Таксама, паводле заключэння камісіі экспертаў, у асуджанага лёгкая ступень разумовай адсталасці, ён кепска арыентуецца ў наваколлі, непісьменны. Таму існуе вельмі сур’ёзная заклапочанасць наконт таго, што віна асуджанага да смяротнага пакарання не даказаная належным чынам.
Палуда ездзіў у вёску, дзе жыў Васіль Юзэпчук і дзе дагэтуль жывуць ягоныя сваякі.
— Ён з шматдзетнай цыганскай сям’і. Умовы пражывання жахлівыя. Жывуць тым, што просяць міластыню. Сам Вася грамаце, па вялікаму рахунку, пачаў вучыцца ўжо за кратамі, калі сядзеў у адной камеры з Андрэем Жуком. Па сутнасці, сукамернік, таксама асуджаны да смяротнага пакарання, і стаў для Васі настаўнікам.
Не ведаю, як Юзэпчук распісваўся у пратаколах падчас следства. Мабыць, крыжыкам, альбо навучылі пісаць слова «Вася».
…Пасля расстрэлу Юзэпчука ў Кобрынскім раёне забойствы пенсіянерак працягнуліся. Іх пазбаўлялі жыцця тым спосабам, якім, вырашыў суд, забіваў Васіль.
9. «Перад тым, як здарылася забойства, гаспадар кватэры шэсць разоў выклікаў міліцыю. Ніхто не прыехаў»
У 2010 годзе Гарадзенскі абласны суд прысудзіў да вышэйшай меры пакарання Андрэя Бурдыку і Алега Грышкаўцова.
Іх прызналі вінаватымі ў забойстве траіх чалавек: 65-гадовага гаспадара кватэры, яго нявесткі, з якой у Бурдыкі быў раман, і нявесткінай прыяцелькі.
Жанчыну забілі з рэўнасці, усіх астатніх — як сведкаў.
На працягу тыдня да забойства Бурдыка і Грышкаўцоў пілі. Напярэдадні трагедыі пажылы гаспадар кватэры спрабаваў суцішыць нявестку і яе сяброў, якія ўчынілі скандал. Ён шэсць разоў тэлефанаваў у міліцыю і прасіў прыехаць. Але ніхто не прыехаў. Пасля ў судовым разбіральніцтве высветліцца, што гэтыя шэсць званкоў нават не былі зафіксаваныя дзяжурнымі ў журнале.
На думку маці Андрэя Бурдыкі, забойства магло б і не здарыцца, калі б з боку праваахоўных органаў за яе сынам быў нагляд.
— Андрэя выпусцілі з калоніі, замяніўшы астатні тэрмін на папраўчыя работы. Але адзначацца ніхто не патрабаваў, — расказвала жанчына праваабаронцам “Вясны”. — Ні разу за гэтыя паўтары месяцы, якія ён быў на волі, ніхто не пацікавіўся, не патэлефанаваў, не пракантраляваў. Калі б ён ведаў, што з 22.00 да 7.00 ён павінен знаходзіцца дома, магчыма, гэтага б не здарылася.
— Зразумела, усё гэтае не апраўдвае забойцаў, — лічаць праваабаронцы. — Але і смяротнае пакаранне не вырашае праблемы. Беларускія ўлады апелююць да таго, што менавіта смяротная кара з’яўляецца стрымліваючым фактарам. Але гэта не так. П’яны чалавек у стане агрэсіі не здольны думаць пра тое, што за зробленае яго пакараюць смерцю.
10. Лісты з камеры смяротнікаў
Праваабаронца Ірына Тоўсцік ліставалася з Андрэем Жуком, асуджаным за забойства дваіх інкасатараў СВК “Бальшавік-Агра”, якія перавозілі грошы для выплаты зарплат работнікам сельгаспрадпрыемства.
— Гэта была кароткая перапіска, якая спынілася пасля яго хуткага расстрэлу, — узгадвае Ірына. — У сваіх лістах Андрэй Жук разважаў пра межы справядлівасці смяротнага пакарання. Прыводзіў прыклады, калі аднаму за падобнае злачынства прысудзілі 25 гадоў зняволення, другім — пажыццёвае, а яму — расстрэл. Тым не менш, Андрэй трымаўся даволі стойка, ведаючы пра прысуджанае яму смяротнае пакаранне, але ён сябе не апраўдваў і гатовы быў панесці любое пакаранне. У яго засталося двое дзяцей. Малодшага, які нарадзіўся, калі ён сядзеў у турме, Андрэй не бачыў. Пісаў, каб думаў пра дзяцей і сям'ю, ніколі б злачынства не рабіў, ды і не планаваў нікога забіваць, відаць, са страху...
З ліста Андрэя Жука: «Міністр юстыцыі, выказываючы свой пункт гледжання за захаванне смяротнага пакарання гаворыць, што разглядаючы гэтае пытанне, можна спытаць, як лічаць родныя загінулых. Эмоцыі, помста — гэта не правасуддзе. У такім выпадку і суды не патрэбныя. Хай дадуць тым самым сваякам у рукі зброю і суд Лінча…»