Мінск далучыўся да акцыі "Гарады за жыццё"
-
- Касцёл святых Сымона і Алены ў Мінску
Сёння ва ўсім свеце праходзяць акцыі супраць смяротнага пакарання. Ініцыятыва «Гарады за жыццё, гарады супраць пакарання смерцю» належыць каталіцкай Супольнасці св. Ідзія. На знак пратэсту ў розных кутках свету былі асветлены помнікі архітэктуры. Удзел прынялі амаль паўтары тысячы гарадоў з 87 краін свету. Не стаў выключэннем і Мінск.
Актывісты кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” знічкамі падсвяцілі касцёл святых Сымона і Алены. Удзельнікі адзначаюць, што
акцыя насіла сімвалічны характар, бо ў нашай краіне такі від пакарання дагэтуль існуе.
Паводле ідэі акцыі "Гарады за жыццё" пражэктарамі падсвечваюць найбольш пазнавальныя будынкі. Напрыклад, у Рыме спецыяльныя рэфлектары накіроўвалі святло на Калізей.
Таму актывісты кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” вырашылі падсвяціць пры дапамозе знічак касцёл святых Сымонаі і Алены (Чырвоны касцёл), што ў цэнтры Мінска.
Гэты будынак абралі невыпадкова. Ён з’яўляецца вельмі пазнавальным не толькі ў Мінску і ў Беларусі, але і за яе межамі. Таксама актывісты кампаніі спадзяюцца што рэлегійныя канфесіі больш гучна скажуць сваё слова ў пытанні смяротнага пакарання. Да таго ж, побыч з касцёлам, у самым цэнтры Мінска, на вуліцы Валадарскага ў СІЗА №1 і дзейнічае "спецкалідор" – месца, дзе і прыводзяцца ў выканне смяротныя прысуды.
"Мы спадзяемся, што прыйдзе той час, а на наш погляд ён не за гарамі, калі касцёл святых Сымона і Алены мы падсвецім пражэктарамі – так, як гэта робяць у тых гарадах, краіны якіх адмовіліся ад смяротнага пакарання", - адзначыў Андрэй Палуда, каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”.