Рубінаў падтрымаў смяротнае пакаранне і назваў яго абгрунтаваным
Старшыня Савета Рэспублікі Анатоль Рубінаў падтрымаў і назваў абгрунтаваным смяротнае пакаранне. Ён лічыць, што людзям, якія наўмысна дапусцілі забойства, няма месца ў грамадстве.
Аднак на думку праваабаронцы з цэнтра “Вясна”Уладзіміра Лабковіча, наяўнасць смяротнага пакарання адкідае краіну ў сярэднявечча і з’яўляецца яркім доказам яе нестыкоўкі з еўрапейскімі каштоўнасцямі:
- Смяротнае пакаранне падлягае як мага найхутчэйшай адмене. Гэта безумоўная прыкмета цемрашальства і абсалютнага дзікунства, калі ўлада бярэ на сябе функцыі ката і фактычнага забойцы. Праваабарончы цэнтр “Вясна”, як і ўсе беларускія праваабаронцы, лічыць гэта абсалютна недапушчальнай з’явай. Вельмі прыкра, што Беларусь ідзе насуперак усёй еўрапейскай цывілізацыі.
Анатоль Рубінаў лічыць, што забойцаў няма сэнсу перавыхоўваць, бо гэта дарэмна. На яго думку, якраз помстай роўназначнай з маральнымі катаваннямі ён лічыць пажыццёвае зняволенне. Праваабарончыя арганізацыі настойваюць, каб Беларусь, як мінімум увяла мараторый на выкананне смяротных прысудаў.