Трыпціх “Раўнадушша забівае” (відэа)
У межах кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” праводзіцца шэраг мерапрыемстваў, скіраваных на адмену смяротнага пакарання ў Беларусі. Адным з накірункаў дзейнасці з’яўляецца інфармаванне насельніцтва краіны аб тым, што Беларусь - апошняя краіна ў Еўропе і на постсавецкай прасторы, дзе захаваўся гэты варварскі від пакарання.
Інфармацыйная праца з насельніцтвам адбываецца рознымі шляхамі, у тым ліку праз раздачу буклетаў і ўлётак, распаўсюд налепак, банераў, а таксама і праз рознага кшталту медыя-прадукцыю.
Паспяховым прыкладам з’яўляецца мультыплікацыйны фільм “Палёт”, створаны таленавітымі валанцёрамі кампаніі. Гэта анімацыйная стужка раскрывае тэму бесчалавечнасці і жорсткасці смяротнага прысуду ў Беларусі.
А да гэтага ўдзельніцы магілёўскага рэп-гурта “Прадмова” Роня Роніч і Каця Красавік пры ўдзеле Уладзіміра Някляева, Адама Глобуса, Любові Кавалёвай і праваабаронцаў стварылі і запісалі рэп супраць смяротнага пакарання.
“Як паказвае практыка, гэтыя намаганні не праходзяць безвынікова, - кажа каардынатар кампаніі праваабаронца Андрэй Палуда. - І добрае сведчанне таго - не толькі колькасць праглядаў ролікаў, але і тое, што на адрас кампаніі простыя людзі, якія неабыякава ставяцца да гэтага пытання, дасылаюць самастойныя працы на важную для грамадства тэму.
Мы ўжо атрымалі некалькі такіх прац і вырашылі выставіць адну з іх для агульнага прагляду. А ўвогуле ў будычыні плануем правесці конкурс і лепшыя з іх – заахвоціць” .