Год пасля выканання прысудаў Канавалаву і Кавалёву: праваабаронцы ставяць новыя пытанні
Гэтымі днямі адзначаецца гадавіна расстрэлу Уладзіслава Кавалёва і Дзмітрыя Канавалава, асуджаных да смяротнай кары паводле абвінавачвання ў тэрарызме. На жаль, дакладная дата прывядзення прысуду ў выкананне невядомая: можна меркаваць, што гэта здарылася ў перыяд з 11 да 15 сакавіка.
На прэсавай
канферэнцыі, што адбылася ў Менску 13 сакавіка, маці аднаго з забітых па прысуду
дзяржавы Любоў Кавалёва паведаміла, што нарэшце атрымала адказ на наглядную
скаргу з Вярхоўнага суда, якую адвакат падаў яшчэ ў верасні 2012 года. Адказ
за подпісам старшыні Вярхоўнага суда нядаўна адшукаўся ў юрыдычнай кансультацыі
№ 2 Ленінскага раёна Мінска, у якой працуе адвакат. Высветлілася, што ён быў
складзены яшчэ ў лістападзе 2012 года.
Удзел у сустрэчы, што праходзіла ў офісе Руху “За Свабоду”, прынялі таксама ўдзел
юрыст-праваабаронца Раман Кісляк, праваабаронца Павел Левінаў, кіраўнік цэнтру
«Праваабарончы альянс» Людміла Гразнова.
Людміла Гразнова адзначыла, што, “тое, што сёння робіць Любоў Кавалева гэта подзвіг, рэальны подзвіг маці, якая нягледзячы на пагрозы ў свой бок, адстойвае гонар свайго забітага сына, адстойвае справядлівасць”
Праваабаронца Раман Кісляк адзначыў, што важна зараз высветліць, якая структура выконвала смяротны прысуд у дачыненні да Канавалава і Кавалёва:
“Гэта можа быць альбо следчы ізалятар № 1 МУС, дзе звычайна
ўтрымліваюцца "смяротнікі", альбо СІЗА КДБ, у якім утрымліваўся
Кавалёў. "Высвятленне тых, хто прывёў ў выкананне прысуд, неабходна, каб
разумець, як дзейнічаць далей, ад каго дамагацца адказаў", - сказаў
Кісляк.
Наступным дзеяннем, паводле яго слоў, стане патрабаванне аб раскрыцці месца
пахавання Кавалёва. Кісляк таксама заявіў, што праваабаронцы маюць намер
дамагацца выключэнні з заканадаўства Беларусі нормы, згодна з якой цела
казённага не выдаецца сваякам.
Нагадаем, што ў выніку выбуху
ў на станцыі метро "Кастрычніцкая" ў Мінску 11 красавіка 2011 года
загінулі 15 чалавек, 315 - пацярпелі. У здзяйсненні тэракту быў абвінавачаны
Дзмітрый Канавалаў, а саўдзельнікам прызнаны Уладзіслаў Кавалёў. Абодва
былі жыхарамі Віцебска. 30 лістапада 2011 Вярхоўны суд прыгаварыў маладых
людзей да вышэйшай меры пакарання.
За змаганне супраць смяротнага пакарання ў Беларусі, за памкненне адстаяць чэснае імя сына Любоў Кавалёва летась была прызнана "Праваабаронцам году": 10 снежня 2012 г. беларускія праваабарончыя арганізацыі ўганаравалі яе гэтым званнем. Паводле вынікаў галасавання на сайце "Народныя Навіны Віцебску" Любоў Кавалёва стала "Чалавекам году Віцебска -2012".