Іспанскія журналісты – пра смяротнае пакаранне ў Беларусі: “Чаму мусяць пакутаваць родныя? Яны ж ні ў чым не вінаватыя”

Аўтарытэтнае іспанскае штодзённае выданне "El Pais"
Аўтарытэтнае іспанскае штодзённае выданне "El Pais"

З’яўляючыся апошняй краінай Еўропы, дзе смяротнае пакаранне ўжываецца па сёняшні дзень, Беларусь прыцягвае ўсё большую ўвагу міжнароднай супольнасці. Журналісты іспанскай газеты “Эль Паіс” Альвара Канкуэра о дэ Гуінера і Сафія Мора правялі ў Беларусі тыдзень, сустракаючыся з грамадскімі актвістамі, дзяржаўнымі чыноўнікамі і роднымі расстраляных людзей. Цягам свайго пабыту ў краіне журналісты намагаліся зразумець, ці ёсць шанс на адмену смяротнага пакарання ў краіне і на якіх умовах.

Пра ўражанні ад беларускай сістэмы правасуддзя і стаўленне да смяротнага пакарання яны распавялі ў інтэрв'ю Беларускаму Радыё Рацыя.
.

РР: Як вы зацікавіліся тэмай смяротнага пакарання ў Беларусі?

Альвара Канкуэра о дэ Гуінера: - Мы ўжо зрабілі два артыкулы пра смяротнае пакаранне – адзін у Злучаных Штатах, другі ў Японіі. І мы падумалі, што мусім даследаваць іншыя краіны. Як еўрапейцы, мы вырашылі, што абавязкова мусім паехаць у Беларусь – адзіную краіну Еўропы, дзе існуе смяротнае пакаранне.
Рашэнне гэта было прынятае некалькі год таму, але мы мусілі таксама атрымаць дазваленне на прыезд. Бо мы разумелі, што наш прыезд у Беларусі вельмі важны, бо мы мусім расказаць людзям у Іспаніі і Еўрапейскім звязе пра тое, што адбываецца зараз за нашымі дзвярыма, за нашай мяжой. Паказаць, што ёсць яшчэ краіны, якія практыкуюць такую жудасную рэч, як смяротнае пакаранне.
Канешне, гэта заўжды страшна, але смяротнае пакаранне ў вас асабліва бязлітаснае. Таму што няма гарантыяў справядлівага суда. Як паказвае прыклад Кавалёва і Канавалава і падобных ім. І мы мусілі прыехаць сюды, сустрэцца з людзьмі і зразумець рэальную сітуацыю.

РР: Калі вы чыталі і знаёміліся з тэмай смяротнага пакарання ў Беларусі, ці было штосьці самае страшнае для вас?

Альвара Канкуэра о дэ Гуінера: - Ну, я не думаю, что я магу выбраць штосьці адно. Але адна з рэчаў, якую мы лічам жудаснай, гэта факт, што падчас арышту людзей б’юць і змушаюць да прызнання віны. Гэта практыкуецца таксама ў іншых краінах, не толькі тут. Але гэта тое, ад чаго мы адмаўляемся.
Таксама ўмовы ў турмах, яны проста неверагодныя. Гэта страшна, у якіх варунках тут трымаюць вязняў.
Тут таксама няма прэзумпцыі невінаватасці. У моманце, калі Канавалаў і Кавалёў аказаліся ў клетцы ў судзе, яны былі паказаныя вінаватымі да канца суда. Тут няма прэзумпцыі невінаватасці.
Ну, і канешне, страшным ёсць сам спосаб, якім забіваюць людзей. Як я казаў раней, кара заўжды страшная, але я думаю, што не казаць людзям, калі іх пакараюць, а паведаміць за некалькі хвілінаў да выканання, і проста стрэліць у галаву - гэта не па-людску. Тым больш без магчымасці апеляцыі, таму што прысуд вынесены Вярхоўным судом... Усе рэчы, што робіць вашая краіна супярэчаць логіцы, супярэчаць справядлівасці.

РР: Ці ёсць прынцыповыя адрозненні смяротнага пакаранне ў Беларусі і ЗША?

Альвара Канкуэра о дэ Гуінера: - Ну перш за ўсё, я думаю, што ў ЗША сапраўдная дэмакратыя. І гэта вялікая розніца. Хаця, нягледзячы што ў ЗША дэмакратыя, там таксама ёсць шмат несправядлівасцяў. Як, напрыклад, паліцыя. Я не кажу, што ва ўсіх выпадках, але ў шмат якіх сітуацыях, паліцыя маніпулюе доказамі толькі таму, што ім пратрэбны вінаваты. Гэта звычайна адбываецца ў паўднёвых штатах, дзе шмат маленькіх гарадоў і яны вымушаны расследаваць справы як мага хутчэй. Таму што людзі баяцца крыміналу.
Пры гэтым мы з Сафіяй сустрэлі двух хлопцаў, якія былі ў камеры смерці, але пасля былі звольненыя адтуль, таму што былі невінаватыя. Іх выпусцілі праз 20 год пасля прысуду. І гэта розніца. У цябе ёсць магчымасць выйсці на волю. Гэта вельмі магчыма - выйсці на волю.
Там таксама шмат несправядлівасці і ёсць людзі, якія былі забітыя будучы нявіннымі. Але такая сітуацыя, як у Беларусі там немагчымая. Я маю на ўвазе, Кавалёў і Канавалаў былі забітыя праз некалькі тыдняў ці месяцаў пасля прысуду. Там зусім інакш. Там ты маеш шмат магчымасцяў, каб абараніць сябе. Але не тут.

РР: Я ведаю, што вы сустракаліся з дэпутатам Мікалаем Самасейкам і пыталіся пра смяротнае пакаранне ў Беларусі. Што ён вам адказаў?

Альвара Канкуэра о дэ Гуінера: - Ён сказаў, што ён не згодны са смяротным пакараннем. Ён думае, што гэта жудасна. Але ён сцвердзіў, што гэта немагчыма змяніць, калі не запытаць людзей. Таму што раней яны зрабілі рэферэндум, і цяпер мусяць зрабіць яшчэ адзін. Добра, але чаму яны не робяць гэтага?

РР: А вы спыталіся, чаму яны не робяць рэферэндум?  

Альвара Канкуэра о дэ Гуінера: - Што ён адказаў?

Сафія Мора: - Ён сказаў, што ён супраць пакарання. Але гэта савецкая традыцыя і штосьці ў гэтым стылі. Таксама, што гэта вельмі складана змяніць, таму што ты не можаш змяніць маленькую рэч у праблеме смяротнага пакарання, ты мусіш змяніць цэлую сістэму. Яны мусяць зрабіць рэферэндум. Бо пасля выбуху ў менскім метро людзі ўсё больш выступаюць супраць смяротнага пакарання. І ціск Еўропы адчуваецца ўсё больш. І што дыскусія застаецца адкрытай.

РР: А што вы асабіста думаеце на тэму смяротнага пакарання?

Альвара Канкуэра о дэ Гуінера: - Я думаю, што гэта страшна.

РР: У кожным выпадку?

Альвара Канкуэра о дэ Гуінера: - Канешне. Калі кожны з нас мае права на жыццё, я не думаю, што смяротнае пакаранне можа стасавацца да кагосьці. Нават калі за самае цяжкае злачынства. Чаму дзяржава мае права забіваць? Трэба зразумець, што мы людзі, мы памыляемся, мы не ідэальныя. Але і дзяржава таксама не ідэальная. І яна таксама памыляецца, як і ў ЗША, і ў Японіі.
І калі вы кагосьці кідаеце ў турму на 30 ці 40 год, ці нават пажыццёва, ок, добра – чалавек учыніў злачынства, ён заслужыў. Але ў яго застаецца магчымасць падаць апеляцыю, бараніцца, калі ён думае, што ён не вінаваты. Але калі чалавека забіць, то ўсё, у вас няма магчымасці нічога змяніць.
А калі вы мяне пытаецеся пра Беларусь, то для мяне асабліва жудасным з’яўляецца факт, што цела пакаранага не выдаецца родным. Я не магу зразумець прычыны такой жорсткасці. Чаму мусяць пакутаваць родныя? Яны ж ні ў чым не вінаватыя. Няхай вы забілі чалавека за ягонае злачынства, ён вінаваты. Але чаму не аддаць цела родным? Гэта проста не мае сэнсу.
Самасейка сказаў нам таксама, што ён не разумее, чаму. Але чаму тады яны гэта робяць?

Беларусь па сёняшні дзень з’яўляецца апошняй краінай у Еўропе, дзе стасуецца кара смерцю. З 1991 года ў краіне было выканана каля 400 пакаранняў. Паводле беларускага заканадаўства, целы пакараных не выдаюцца, пра месца пахавання не паведамляецца.

Гутарыла Вольга Чарных

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны