Любові Кавалёвай не адказалі, якая структура ў Беларусі займаецца выкананнем смяротных прысудаў
Маці расстралянага Уладзіслава Кавалёва, абвінавачанага ў тэрарызме пасля выбуху ў мінскім метро, хоча ведаць падрабязнасці пра апошнія хвіліны сына, якога лічыць неправасудна пакараным сьмерцю. Яна спрабуе высветліць, якая структура выканала смяротны прысуд, вынесены Вярхоўным судом у дачыненні яе сына.
Любоў Кавалёва дасылала запыты пра гэта ў некалькі інстанцый. Рабіла гэта паслядоўна, калі з адной структуры яе перанакіроўвалі ў іншую.
"Спачатку я напісала старшыні Камітэту дзяржбяспекі, бо Улада да апошняга трымалі ў СІЗА КДБ. Атрымала ліст за подпісам самога старшыні, Валерыя Вакульчыка, дзе напісана, што гэтае пытанне – па-за кампетэнцыяй КДБ. І што звяртацца трэба ў Вярхоўны суд, бо менавіта туды, паводле артыкула 175 Крымінальна-выканаўчага кодэксу, прыходзіць паведамленне, што прысуд выкананы. Але намеснік старшыні Вярхоўнага суду Валеры Калінковіч таксама адказаў, што гэта па-за іхнай кампетэнцыяй. І прапанаваў звярнуцца ў Дэпартамент выканання пакаранняў.
На запыт у ДВК я атрымала адказ зноў толькі са спасылкай на артыкул 175. У частцы 5 там згадваецца "установа, якая выконвае смяротны прысуд" – што яна мусіць паведаміць пра выкананне суду, які вынес такі вырак, а адтуль мусяць напісаць сваякам. Паведамленне з Вярхоўнага суду мы атрымалі, але дабіцца, што за "установа" займаецца расстрэламі асуджаных, пакуль не ўдалося. Усё засакрэчана! Усе ведаюць, які парадак зацьверджання смяротных прысудаў, а вось хто іх выконвае і дзе іх выконваюць, не ведае ніхто. Гэта чарговая таямніца, зацверджаная беларускім заканадаўствам", -- распавяла Любоў Кавалёва.
Маці расстралянага Уладзіслава Кавалёва ўжо звярталася ў розныя інстанцыі, у тым ліку і да Прэзідэнта РБ, з просьбай аддаць ёй цела расстралянага сына, якога лічыць несправядліва асуджаным паводле неабгрунтаванага абвінавачання следства. Зважаючы на гэта, яна прасіла хаця б указаць месца, дзе ён пахаваны. Але адусюль атрымлівала толькі адмоўныя адказы. Нічога не патлумачылі Любові Кавалёвай і пра знікненне ў СІЗА КДБ запісаў сына, якія ён вёў падчас суду – гэтыя запісы проста зніклі, нібыта ў іх утрымліваліся нейкія сакрэтныя звесткі. Хаця па законе маёмасць пакаранага смерцю мусіць перадавацца сваякам…
Спадарыня Кавалёва збіраецца працягваць высвятленне акалічнасцяў выканання смяротнага прысуду і далей: адмовы паведаміць, якая структура выконвае смяротныя прысуды, яна хоча абскардзіць у вышэйшых інстанцыях.
Яна выступае і за адмену смяротнага пакарання ў Беларусі ўвоуле: з улікам верагоднасці памылак следства, гэтая мера з'яўляецца неапраўданай, калі потым высветляецца, што расстралялі невінаватых. Любоў Кавалёва лічыць, што смяротнае пакаранне недапушчальнае ў цывілізаванай краіне, бо яна змушае на пакуты і асуджаных, і іхных сваякоў, для якіх вечнай таямніцай застаюцца акалічнасці пакарання.