Сёння — другая гадавіна выбуху ў мінскім метро
У другую гадавіну выбуху на станцыі "Кастрычніцкая" Мінскага метрапалітэна ў праваслаўных і каталіцкіх храмах сталіцы пройдуць набажэнствы ў памяць пра загінулых і пацярпелых у выніку гэтай трагедыі.
У 18.30 пачнецца літургія ў
мінскім архікафедральным саборы імя Найсвяцейшай Панны Марыі. Набажэнства
правядзе мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч,
паведамляе афіцыйны партал Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі.
Паніхіда па нябожчыках у выніку выбуху таксама пачнецца ў 17.00 каля
мемарыяльнай дошкі, устаноўленай на тэрыторыі праваслаўнага мінскага
храма-помніка ў гонар Усіх Святых і ў памяць бязвінна забітых у Беларусі
(Усіхсвяцкі храм). Набажэнства правядзе настаяцель прыходу ў гонар Усіх Святых
протаіерэй Фёдар Поўны, паведамілі БелаПАН у Беларускай праваслаўнай царкве.
У выніку выбуху ў метро, які адбыўся 11 красавіка 2011 года ў 17.56, загінулі
15 чалавек, 315 — пацярпелі, з іх цяжкія цялесныя пашкоджанні атрымалі 32
чалавекі.
Фактычна праз суткі, вечарам 12 красавіка, былі затрыманы падазроныя,
25-гадовыя ўраджэнцы Віцебска Дзмітрый Канавалаў і Уладзіслаў Кавалёў. Акрамя
абвінавачання ва ўчыненні тэракта ў метро пасля іх абвінавацілі ў выбухах у
Віцебску восенню 2005 года і ў Мінску 4 ліпеня 2008 года.
Крымінальную справу аб тэракце ў метро разглядаў Вярхоўны суд. Канавалаў падчас
працэсу сваю віну прызнаў поўнасцю. Кавалёў сваё дачыненне да ўсіх трох выбухаў
адмаўляў, а таксама заявіў, што падчас дасудовага расследавання агаварыў сябе і
Канавалава пад націскам следства. Суд прыгаварыў абодвух да смяротнай кары,
прызнаўшы Канавалава вінаватым у злосным і асабліва злосным хуліганстве,
наўмысным знішчэнні маёмасці, незаконным набыцці, захоўванні, перавозцы
выбуховых рэчываў і выбуховых прылад, тэрарызме, спалучаным з забойствам
людзей, Кавалёва — у злосным і асобліва злосным хуліганстве, наўмысным
знішчэнні маёмасці, незаконным набыцці, захоўванні, перавозцы выбуховых рэчываў
і выбуховых прылад, неданясенні аб падрыхтоўцы асабліва цяжкага злачынства, аб
ўчыненні асабліва цяжкага злачынства і асобе, якая яго ўчыніла, аб месцы яго
знаходжання, а таксама ў дапамаганні тэрарызму.
Кавалёў падаваў касацыйную скаргу на прысуд і прашэнне аб памілаванні на імя
прэзідэнта. Канавалаў, паводле афіцыйных даных, прашэнне не падаваў.
Лукашэнка ў памілаванні адмовіў, матывуючы гэта "небяспекай і надзвычай
цяжкімі наступствамі для грамадства ўчыненых актаў тэрарызму". Пра гэта
рашэнне прэзідэнта было абвешчана па тэлебачанні 14 сакавіка. А праз тры дні
маці Уладзіслава Кавалёва атрымала ліст з Вярхоўнага суда, у якім гаварылася,
што прысуд у дачыненні да яе сына прыведзены ў выкананне. Мяркуючы па штэмпелі,
ліст быў адпраўлена 16 сакавіка. 28 сакавіка ў ЗАГСе Любоў Кавалёва атрымала
пасведчанне аб смерці сына. Згодна з гэтым дакументам Уладзіслаў Кавалёў памёр
15 сакавіка. Адпаведны запіс у кнізе рэгістрацыі актаў аб смерці быў зроблены
20 сакавіка. У ёй значыцца, што інфармацыя аб прычыне смерці не прадстаўлена.
Праваабаронцы і міжнародныя структуры, у тым ліку Еўрасаюз, парламенцкія
асамблеі Савета Еўропы і АБСЕ, заклікалі Лукашэнку перагледзець сваё рашэнне
пра адмову ў памілаванні Кавалёва і Канавалава. Усе яны ўказвалі на тое, што
судовы працэс над Кавалёвым і Канавалавым пакінуў занадта шмат пытанняў.
Камітэт ААН па правах чалавека, куды паступіла скарга ад родных Кавалёва,
заклікаў улады Беларусі не караць смерцю асуджанага датуль, пакуль скарга не
будзе разгледжана. Аднак гэты заклік не быў пачуты.
Шмат хто ў Беларусі, у тым ліку некаторыя пацярпелыя ад тэракта, сумняваюцца ў
віне Канавалава і Кавалёва. Яны ўказвалі на тое, што судовы працэс не адпавядаў
прававым нормам, доказы абароны ігнараваліся. Праваабаронцы, у сваю чаргу,
адзначалі беспрэцэдэнтна хуткае пакаранне смерцю абвінавачаных у тэракце, што,
паводле іх меркавання, выглядае падазрона.
Міжнародная супольнасць, у тым ліку Савет Еўропы і Еўрасаюз, асудзілі расстрэл
Канавалава і Кавалёва і ў чарговы раз заклікалі Беларусь — адзіную ў Еўропе
краіну, дзе дагэтуль прыводзяць у выкананне смяротныя прысуды, — увесці
мараторый на смяротную кару.