У Маскве пратэставалі супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі
Ля будынку беларускай амбасады ў сталіцы Расеі прайшла акцыя Amnesty International супраць прымяненьня сьмяротнага пакараньня ў Беларусі.
Пікет быў прымеркаваны да публікацыі штогадовай справаздачы Amnesty
International пра сытуацыю са сьмяротным пакараньнем у розных краінах
сьвету.
Актывісты разгарнулі і на працягу гадзіны трымалі 7-мэтровы
транспарант з заклікам да ўладаў Беларусі ўвесьці мараторый
на сьмяротнае пакараньне. Афіцыйнай рэакцыі амбасады на акцыю
не было.
Паводле Amnesty International, за апошнія дваццаць гадоў у Беларусі
было пакарана сьмерцю больш за 400 чалавек і ёсьць падставы
меркаваць, што асуджаных на сьмяротнае пакараньне змушалі прызнаць сваю
віну пад катаваньнямі.
Прысуды прыводзяцца ў выкананьне стрэлам у патыліцу. Асуджаных
інфармуюць пра пакараньне сьмерцю за некалькі гадзін або хвілін
да выкананьня прысуду. Целы пакараных не вяртаюць сем’ям для
пахаваньня, а месцы пахаваньня захоўваюцца ў таямніцы, паведамляе БелаПАН.