Родныя расстралянага Уладзіслава Кавалёва патрабуюць рассакрэціць месца ягонага пахавання
Маці і сястра абвінавачанага ў здзяйсненні тэракту ў Мінску ў красавіку 2011 года і расстралянага Уладзіслава Кавалёва Любоў Кавалёва і Таццяна Казяр звярнуліся ў Адміністрацыю прэзідэнта, Міністэрства ўнутраных спраў і Камітэт дзяржаўнай бяспекі з патрабаваннем раскрыць ім месца пахавання Уладзіслава.
Яны спаслаліся на рашэнне Камітэта па правах чалавека ААН, які прызнаў парушаным права на жыццё Уладзіслава Кавалёва, а таксама звярнуўся да беларускіх уладаў з патрабаваннем раскрыць месца ягонага пахавання, расцэньваючы ўтойванне гэтай інфармацыі як жорсткае абыходжанне ў адносінах да родных.
Па словах праваабаронцы Рамана Кісляка, па здароваму сэнсу няма ніякіх падставаў хаваць месца пахавання Кавалёва і такім негуманным чынам абыходзіцца з роднымі пакараных.