Кэтрын Эштан заклікала Беларусь накласьці мараторый на сьмяротнае пакараньне

Вярхоўная прадстаўніца Эўрапейскага Зьвязу па замежных справах і палітыцы бясьпекі Кэтрын Эштан заклікала афіцыйны Менск далучыцца да глябальнага мараторыю на сьмяротнае пакараньне.

 «Эўрапейскі Зьвяз выступае супраць сьмяротнага пакараньня пры любых акалічнасьцях, ЭЗ лічыць сьмяротнае пакараньне жорсткім і бесчалавечным пакараньнем, якое ня ў стане служыць фактарам стрымліваньня і ўяўляе сабой непрымальнае адмаўленьне годнасьці і недатыкальнасьці чалавека», — гаворыцца ў заяве прэсавага сакратара Эштан.

У дакумэнце выказваецца спадзеў, што асуджаны Магілёўскім абласным судом чалавек зможа ў поўнай меры скарыстацца правам на абскарджаньне прысуду.

«Эштан усьведамляе сур’ёзны характар злачынства, за якое гэты чалавек асуджаны, але ня верыць, што сьмяротнае пакараньне наагул калі-небудзь можа быць апраўданае», — падкрэсьліваецца ў заяве, перадае Інтэрфакс.

30 красавіка пракуратура Магілёўскай вобласьці паведаміла, што абласны суд вынес чарговы сьмяротны прысуд.

«Судовай калегіяй па крымінальных справах Магілёўскага абласнога суду асуджаныя двое грамадзян за ўчыненьне забойства групай асобаў. Адзін зь фігурантаў справы — мужчына 1969 году нараджэньня, ураджэнец Жытомірскай вобласьці, бяз пэўнага месца жыхарства, другі — мужчына 1990 году нараджэньня. Абодва раней неаднаразова судзімыя, у тым ліку адзін зь іх — і за забойства, — гаворыцца ў паведамленьні Магілёўскай пракуратуры. — Мужчыны былі асуджаныя за забойства сукамэрніка — абодва яны адбывалі турэмныя тэрміны за ранейшыя злачынствы. У якасьці меры пакараньня аднаму зь іх суд прызначыў па сукупнасьці прысудаў за раней зробленыя злачынствы выключную меру пакараньня — сьмяротнае пакараньне, другому — 16 гадоў пазбаўленьня волі».

Беларусь застаецца адзінай краінай у Эўропе, дзе да гэтага часу выносяцца і выконваюцца сьмяротныя прысуды. За гэта краіну ўвесь час крытыкуюць міжнародныя арганізацыі, якія змагаюцца за скасаваньне сьмяротнага пакараньня.

У 2012 годзе ў Беларусі былі пакараныя сьмерцю Дзьмітры Канавалаў і Ўладзіслаў Кавалёў, асуджаныя за тэракт у менскім мэтро 11 красавіка 2011 году.

Паводле зьвестак арганізацыі Amnesty International, у Беларусі летась, акрамя гэтых двух, быў выкананы яшчэ адзін сьмяротны прысуд.

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны