Алег Груздзіловіч прадставіў кнігу "Хто ўзарваў мінскае метро?"
На прэзентацыі прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці абмеркавалі, як у Беларусі асвятляюцца гучныя крымінальныя працэсы, з якой небяспекай сутыкаюцца журналісты і якім чынам дзяржава спрабуе змяняць грамадскую думку.
Алег Груздзіловіч даведаўся пра выбух у метро, калі быў дзяжурным па сайце "Радыё Свабода". Менавіта з гэтых успамінаў ён пачынае сваю кнігу, дзе падрабязна апісваецца ход судовага працэсу. Журналіст наведаў амаль што ўсе паседжанні, таму добра вывучыў фактуру справы, ён таксама звяртаўся да экспертаў, сваякоў пацярпелых і абвінавачваемых.
За сваю працу Алег Груздзіловіч ужо паспеў атрымаць папярэджанне ад пракуратуры, дзе палічылі, што сваёй кнігай аўтар паставіў пад сумнеў справядлівасць беларускай судовай сістэмы.
Выснова пракуратуры падаецца дзіўнай хоць бы таму, што Алег Груздзіловіч лічыць, што Канавалаў здзейсніў тэракт, а Кавалёў ведаў аб падтрыхтоўцы, але не паведаміў у міліцыю. Такім чынам, у многіх момантах аўтар падзяляе афіцыйную пазіцыю органаў следства. Пры гэтым журналіст адзначыў, што ён супраць смяротнага пакарання. Па ягоным меркаванні, у адносінах да абвінавачваемых павінна былі прыняць больш мяккую меру пакарання.
З выхадам кнігі журналіста павіншавалі калегі з "Радыё Свабоды", "Радыё Рацыя", "Салідарнасці", а таксама старшыня БАЖ Жанна Літвіна, былы кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў, правабаронцы Алег Волчак і Андрэй Бандарэнка, якія адзначылі, што згодныя не з усімі высновамі, зробленымі аўтарам.
"Вельмі важна, каб людзі выказвалі сваё меркаванне, і па гэтай тэме быў дыялог, - лічыць Груздзіловіч. - Многія чытачы пісалі на сайце, што не падзяляюць маё меркаванне адносна выканаўцаў выбуху. Але тое, што ідзе грамадская дыскусія, - важны вынік маёй працы".
"Хто ўзарваў мінскае метро?" - 40-я кніга з серыі "Бібліятэка Свабоды". Замовіць яе можна, напісаўшы на адрас rferl.minsk@gmail.com. Чытаць кнігу ў PDF-фармаце.