Рада па правах чалавека ААН падоўжыла дзеянне мандата Спецыяльнага дакладчыка па Беларусі
13 чэрвеня Міжнародная федэрацыя за правы чалавека (FIDH) і Праваабарончы цэнтр "Вясна" зрабілі сумесную заяву з нагоды падаўжэння Радай па правах чалавека ААН мандата спецдакладчыка па Беларусі.
Міжнародная федэрацыя
за правы чалавека (FIDH)
Праваабарончы цэнтр "Вясна"
13 чэрвеня 2013 г.
Парыж-Мінск
Беларусь: Рада па правах чалавека ААН падоўжыла дзеянне мандата Спецыяльнага дакладчыка па Беларусі, нягледзячы на поўную адсутнасць супрацоўніцтва краіны з механізмамі ААН
Сёння, 13 чэрвеня 2013 года, Рада па правах чалавека Арганізацыі Аб'яднаных Нацый (РПЧ) прыняла рэзалюцыю пра падаўжэнне мандата Спецыяльнага дакладчыка па становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі і выказала глыбокую заклапочанасць з нагоды працягу парушэнняў правоў чалавека ў краіне.
У рэзкіх выразах рэзалюцыя «настойліва заклікае ўрад Беларусі неадкладна і без усялякіх умоваў вызваліць і рэабілітаваць усіх палітычных зняволеных, (...) і неадкладна пакласці канец адвольнаму затрыманню праваабаронцаў ды адвольным забаронам на паездкі (...), скіраваным на запужванне прадстаўнікоў палітычнай апазіцыі і сродкаў масавай інфармацыі, а таксама праваабаронцаў і грамадзянскай супольнасці».
Рада падае зразумелы сігнал Беларусі, што яе сістэматычная адмова ад супрацы з ААН толькі паказвае поўную адсутнасць волі да паляпшэння становішча з правамі чалавека. "Мой калега Алесь Бяляцкі, які быў прысуджаны да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму, дасюль чакае, пакуль Беларусь будзе выконваць свае міжнародныя абавязкі, паводле якіх ён павінен быць неадкладна вызвалены», заявіў намеснік старшыні "Вясны" Валянцін Стэфановіч.
Рэзалюцыя, прадстаўленая Еўразвязам, была прынятая большасцю галасоў: “за” прагаласавалі 26 краін-удзельніц ААН, “супраць” – 3, а 18 устрымаліся. Падтрымка гэтай рэзалюцыі стала шырэйшай, чым ранейшых рэзалюцый па Беларусі. Краіны з усіх рэгіёнаў, у тым ліку Буркіна-Фасо, Коста-Рыка, Гватэмала, Маўрытанія і Перу, дадалі свае галасы на карысць еўрапейскіх і іншых заходніх дзяржаў, што надае рэзалюцыі моцную міжрэгіянальную падтрымку.
У той жа час, Рада не стала завастраць увагу на праблеме смяротнага пакарання ў Беларусі і абмежавалася мінімальнай згадкай, “адзначаючы ўвагу Спецыяльнага дакладчыка да пытання смяротнай кары”, не асуджаючы выкарыстанне смяротнай кары і смяротныя прысуды ў Беларусі, у той час як яшчэ адзін смяротны прысуд быў вынесены толькі ўчора.