Стала вядомае імя гамяльчаніна, якому вынесена смяротнае пакаранне
На тэлеканале "Беларусь-1" з'явіўся сюжэт, у якім распавядаюцца падрабязнасці забойства студэнткі ў Гомелі.
Яго здзейсніў 25-гадовы Аляксандр Маратавіч Гаруноў. Вядома, што дагэтуль ён быў асуджаны на 8 гадоў за нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў сужыцелю сваёй маці. Мужчына памёр ад цяжкіх ранаў. Толькі год Аляксандр знаходзіўся на волі.
Забойства Наталлі Емельянчыкавай было здзейснена апоўначы 20 верасня. Гаруноў быў знаёмы з ахвярай. На судзе ён патлумачыў, што за некаторы час да сустрэчы яна абразіла яго ў кампаніі знаёмых людзей і не папрасіла прабачэння. Гэта і стала прычынай агрэсіі. У вынику ён нанёс ахвяры 102 нажавыя раненні.
Маці абвінавачанага выказалася 12 чэрвеня перад журналістамі, што калі б дзяўчына, якая абразіла яе сына, папрасіла прабачэння, то трагедыі можна было б пазбегнуць.
Яна хацела б, каб сыну далі 25 гадоў. «Ён і так нічога добрага не бачыў у сваім жыцці, а тут зараз такое, просяць яго смерці. У яго бацьку забілі, калі ён быў малы, і забойцаў не знайшлі. Так, ён забіў майго сужыцеля, але той біч быў, бадзяжнічаў, бутэлькі збіраў, ён абараняў сваю дзяўчыну, гэта ў яго дзяўчыны быў канфлікт з сужыцелем», - выказалася маці абвінавачваемага.
Па выніках псіхіятрычнай экспертызы хлопец прызнаны адэкватным, ён не знаходзіўся ў стане афекту ў момант здзяйснення забойства. Залежнасці ад алкаголю і наркотыкаў у яго не выяўлена. Пры гэтым па словах сяброў, Аляксандр губляе кантроль над сабой нават ад невялікай колькасці алкаголю. У ноч, калі было здзейснена злачынства, ён знаходзіўся ў стане алкагольнага ап'янення. Апроч таго, ён пакутуе на змяшанае расстройства асобы.
У судзе абвінавачаны віну прызнаў цалкам і папрасіў прабачэння ў маці Наталлі Емільячанкавай.
Прадстаўнік Беларускага Хельсінскага камітэта па Гомельскай вобласці Віктар Адзіночанка, які прысутнічаў на судзе, выступае супраць смяротнага пакарання:
- Мы прынцыпова выступаем супраць смяротнага пакарання ў любых выпадках, якія б злачынствы не былі. Але ў дадзеным выпадку я чыста па-чалавечы супраць, каб яму далі смяротнае пакаранне. На мой погляд, гэта чалавек, які вядзе сябе неадэкватна. Які нават не абараняе сябе. Яму была дадзеная магчымасць сказаць апошняе слова. А ён маўчыць.
Рашэннем Гомельскага абласнога суда Аляксандру Гарунову прызначана выключная мера пакарання - расстрэл. Абвінавачаны звярнуўся з абскарджваннем у Вярхоўны суд.