Самасейка: Адмену сьмяротнага пакараньня будзем вырашаць step by step
Сёньня старшыня пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Мікалай Самасейка распавёў журналістам пра вынікі свайго ўдзелу ў сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы.
Ён сказаў,
што галоўнае пытаньне, якое тычылася Беларусі было ў тым, каб
у Беларусі ўвялі мараторый на сьмяротнае пакараньне.
Як паведаміў спадар Самасейка, ён патлумачыў дэпутатам Рады Эўропы,
што пытаньне аб сьмяротным пакараньні ў Беларусі вырашалася
не кімсьці з чыноўнікаў, а па выніках рэфэрэндуму, падчас
якога бальшыня беларусаў выказалася за ўжываньне сьмяротнага пакараньня.
Таму адмяніць вынікі рэфэрэндумы ня так проста. Разам з тым, Мікалай
Самасейка сказаў,
што ў грамадзтве ёсьць розныя думкі наконт сьмяротнага пакараньня.
Дарэчы, розныя меркаваньні ёсьць і ў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў:
адны выступаюць за адмену сьмяротнага пакараньня, іншыя лічаць, што яго
трэба пакідаць. «Таму», — сказаў спадар Самасейка, — «мы абяцалі
не рабіць рэзкіх рухаў у гэтым пытаньні, а вырашаць яго,
як кажуць англічане, step by step (крок за крокам)».
Другое пытаньне, якое тычылася Беларусі і ўздымалася падчас сустрэчы
са старшынём Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы — гэта магчымасьць
спэцыяльнага дакладчыка па Беларусі, дэпутата з Эстоніі
і дэпутата Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы Андрэса
Хэркеля наведаць
Беларусь.
Мікалай Самасейка сказаў, што пазыцыя беларускіх уладаў у гэтым пытаньні
наступная: Беларусь ня супраць таго, каб спэцдакладчык па краіне
наведваў нашу краіну, і такія прэцэдэнты ўжо былі. Але, што тычыцца
менавіта асобы Андрэса Хэркеля, дык тут узьнікае сур’ёзнае пытаньне: справа
ў тым, што той курс, які ён вядзе, на думку беларускіх уладаў,
контрпрадуктыўны і не спрыяе дыялёгу. Таму пытаньне ці дазволяць
спэцдакладчыку па Беларусі Хэркелю наведаць нашу краіну альбо не,
будзе разглядацца пазьней і залежыць у многім ад пазыцыі
Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы ў яе стасунках зь Беларусьсю.