Прысуджаны да расстрэлу гамяльчук падаў касацыйную скаргу
Маці прысуджанага да расстрэлу гамельчука Аляксандра Грунова падала касацыйную скаргу ў Вярхоўны суд. У межах кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання" жанчыну наведаў Леанід Судаленка.
Леанід Судаленка:
- Я як праваабаронца, які выступае супраць вышэйшай меры пакарання, не даю ацэнак крымінальнаму злачынству. Для такіх мэтаў існуе суд. Я спрабаваў даведацца ў маці, ці падала яна касацыйную скаргу. Калі цягам дзесяці дзён пасля выраку гэтага не зрабіць, тады прысуд першай інстанцыі ўступіць у сілу, чалавека могуць расстраляць у любы момант. Маці Аляксандра Грунова пацвердзіла, што з дапамогай адваката скарга была пададзеная ў Вярхоўны суд.
25-гадовы гамяльчук Аляксандр Груноў прысуджаны да вышэйшай меры пакарання за жорсткае забойства студэнткі 4 курса Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Каля пад'езда шматпавярховіка, дзе пражывала дзяўчына, ён нанёс сваёй ахвяры 102 нажавыя раненні.