Стала вядома дата касацыі па смяротнаму прысуду жыхару Гомеля
Разгляд касацыйнай скаргі асуджанага да вышэйшай меры пакарання Аляксандра Грунова і яго адваката Сяргея Краснова прызначаны на раніцу 18 кастрычніка бягучага года ў судовай калегіі па крымінальных справах Вярхоўнага суда.
Нягледзячы на прызнанне віны ў забойстве дзяўчыны, асуджаны да расстрэлу жыхар Гомеля з прысудам не пагадзіўся і праз адваката падаў касацыйную скаргу. Аляксандр Груноў лічыць, што суд павінен быў прыняць у якасці змякчаючай віну акалічнасці яго чыстасардэчнае прызнанне ў забойстве (яўку з павіннай) і супрацоўніцтва са следствам.
Таксама малады чалавек плануе звярнуцца са скаргай у Камітэт па правах чалавека ААН, дзеля чаго праз адваката ўжо падпісаў адпаведныя даверанасці на імя сваёй маці і гомельскага праваабаронцы Леаніда Судаленкі, удзельніка кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі".
Нагадаем, 14 чэрвеня 2013 года Гомельскі абласны суд вынес смяротны прысуд ў дачыненні 25-гадовага жыхара абласнога цэнтру Аляксандра Грунова па абвінавачаннні ў забойстве студэнткі ГДУ імя Ф.Скарыны Наталлі Емельянчыкавай. У судзе Аляксандр Груноў прызнаў сваю віну цалкам.
Паводле інфармацыі сайта gomelspring.org