Маці асуджанага на смяротнае пакаранне звярнулася да кіраўніка Беларускай праваслаўнай царквы
Тамара Сілюн заклікае Філарэта звярнуцца да прэзідэнта Лукашэнкі з просьбай аб памілаванні і адмене смяротнага пакарання ў дачыненні да яе сына.
12 чэрвеня Гродзенскі абласны суд прызнаў Паўла Сілюна вінаватым па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь: арт.139 ч.2 пункты 1 і 6 (забойства дзвюх асоб, учыненае з асаблівай жорсткасцю ); арт.205 ч.1 (крадзёж); арт. 347 ч.1 (здзек над трупамі) , ст.378 (крадзёж асабістых дакументаў ), і па сукупнасці злачынстваў вынес прысуд аб прымяненні выключнай меры пакарання - смяротнай кары. Працэс вёў суддзя Анатоль Заяц.
Маці асуджанага на смяротнае пакаранне звярнулася да Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта. У сваім лісце жанчына адзначае, што глыбока смуткуе аб страчаных жыццях ахвяр яе сын , спачувае іх блізкім і сваякам. "Але я яго маці. І ягоны лёс неабыякавы мне таксама. Пакаранне ён, безумоўна, павінен панесці. Але не шляхам адабрання жыцця, якое дараваў яму Бог, - адзначае Тамара Сілюн і апелюе да святара: - Я чула па радыё, што Вы таксама супраць смяротнага пакарання, ды і Ваш сан на гэта натхняе. Вас паважае прэзідэнт , таму я звяртаюся да Вас з просьбай: звярніцеся да Аляксандра Рыгоравіча аб памілаванні і адмене смяротнага пакарання ў дачыненні да майго сына".
Каардынатар кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання" Андрэй Палуда паведаміў , што 17 верасня Вярхоўны суд разгледзіць касацыйную скаргу Паўла Сілюна па вынесеным яму прысудзе.
"Мы лічым , што за абвінавачаны мусіць панесці справядлівае пакаранне, аднак выступаем катэгарычна супраць смяротнага пакарання" , - заявіў праваабаронца.
Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Мітрапаліт Філарэт неаднаразова выступаў з заявамі аб мэтазгоднасці адмовіцца ад смяротнага пакарання ў Беларусі.
«Беларуская Праваслаўная Царква настойліва звяртала ўвагу грамадскасці на праблему смяротнага пакарання яшчэ ў 90-х гадах мінулага стагоддзя. У 1996 годзе напярэдадні рэферэндуму, на якім, сярод іншага, абмяркоўвалася пытанне аб смяротнай кары, мы заклікалі беларускі народ адмовіцца ад такой меры пакарання. "Мы, хрысціяне , не можам апраўдваць смяротнае пакаранне, бо гэта грэх забойства ... Жыццё любога чалавека належыць яго Творцы, Богу. Не мы , грэшныя людзі, даравалі быццё чалавеку, - не нам і пазбаўляць чалавека існавання. Бо за жыццё кожнага з нас Гасподзь Ісус Хрыстос аддаў сваё жыццё , зведаўшы пакуты, знявагі, здзекі і смерць на Крыжы ... дзяржава, спапяляючы сваіх грамадзян, кожны раз нанова распінае Хрыста". Такой была наша пазіцыя ў год рэферэндуму. На сёння яна засталася нязменнай», - падкрэсліў Прадстаяцель Беларускага Царквы.