Беларускія музыкі: Пакаранне для злачынцаў павінна быць, але не смерцю
Беларускія рокеры рыхтуюцца да прэзентацыі новага сумеснага праекта "Апошні Золак". Яго ўдзельнікі разважаюць для TUT.BY пра праблемы грамадства, злачынствы і пакаранні, каштоўнасці жыцця і прыадчыняюць заслону таямніцы над зместам праекта.
Акторка і спявачка Ганна Хітрык перакананая, што ўсё наша сённяшняе жыццё ператварылася ў агрэсіўную стралялку: "Мы занадта лёгка ставімся да смерці ў рэальнасці". Калі яе спыталі пра стаўленне да смяротнага пакарання, узгадвае Аня, вельмі хацелася даць адназначны адказ, якога спачатку не было. Сёння музыка гатовая абараняць права на жыццё для ўсіх, памятаючы, што гэта каштоўнасць, дадзеная нам не дзяржавай.
Музыка Віктар Рудэнка перакананы, што ў краінах, якія дазваляюць сабе забіваць людзей хай і ў якасці пакарання за злачынствы, складаней супрацьстаяць забойстваў у прынцыпе. Ён упэўнены, што дазволенае смяротнае пакаранне напрамую ўплывае на развіццё грамадства: толькі пакуль не задаволеныя базавыя патрэбы, мы не спяшаемся задумвацца пра гэта.
Нагадаем, што вядомыя беларускія музыкі прадставяць "Апошні Золак", новы супольны праект, прысвечаны праблеме смяротнага пакарання, на пачатку кастрычніка. У праекце прымуць удзел сем выканаўцаў.