“Вясна” прэзентуе адмысловую інтэрнэт-старонку пра смяротнае пакаранне
Цяпер сайт Праваабарончага цэнтра “Вясна” прапаноўвае чытачам асобную інтэрнэт-старонку з актуальнымі навінамі і архіўнай інфармацыяй, сабранымі ў межах кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”: dp.spring96.org
Простая ды зручная навігацыя дапаможа наведвальнікам хутка знайсці інфармацыю, структураваную па раздзелах і даступную на чатырох мовах – беларускай, рускай, польскай і англійскай.
Завітаўшы на адрас http://dp.spring96.org, усе жадаючыя могуць падпісаць адрасаваную беларускім уладам Петыцыю за адмену смяротнага пакарання.
Сярод пастаянных рубрык тут прадстаўленыя: “Навіны”, “Асобы” (звароты і выказванні вядомых асобаў Беларусі і іншых краінаў, якія далучыліся да кампаніі праваабаронцаў), “Відэа” (дакументальныя і анімацыйныя фільмы, музычныя кліпы, відэасюжэты, створаныя ў межах кампаніі) і “Фота” (фотаздымкі з акцыяў і мерапрыемстваў, праведзеных падчас кампаніі).
Акрамя таго, на старонцы змешчаная візуальная атрыбутыка кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” – банэры, макеты налепак, постэраў, паштовак, прынты на цішоткі і значкі.
Нагадаем, кампанія “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” праводзіцца з 2009 года з мэтай спынення смяротнай кары ў краіне і далучэння Беларусі да агульнаеўрапейскіх каштоўнасцяў. Беларусь - адзіная краіна ў Еўропе, дзе выносяцца і прыводзяцца ў выкананне смяротныя прысуды.