У Беластоку адбыўся рок-канцэрт “Апошні золак”

Увечары 5 кастрычніка ў Беластоку адбыўся рок-канцэрт “Апошні золак”, да анлайн трансляцыі якога далучыліся гледачы з усяго свету. Удзельнікі музычнага праекту выступаюць за спыненне практыкі смяротнага пакарання ў Беларусі. 

“Апошні золак” – не проста канцэрт, стваральнікі праекта ў прэзентацыі
спалучылі розныя віды мастацтва — музыку і спевы, пясочнае шоў,
відэаінсталяцыі.

Удзел у канцэрце прынялі вядомыя беларускія музыканты – Лявон Вольскі,
Аляксандр Памідораў, Зміцер Вайцюшкевіч, Ганна Хітрык, Наста ШпакоўскаяАлесь Дзянісаў, якія выступалі пад акампанемент аркестра.

Падчас прэзентацыі здымалася тэлеверсія канцэрту, пасля яна будзе
выдадзеная на DVD.

Каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда адзначыў, што вельмі важна інфармаваць грамадскасць пра праблему смяротнага пакарання. “Наша галоўная задача, каб чалавек задумаўся,
паразважаў і, вядома, было б добра, каб змяніў сваё меркаванне на карысць
адмены смяротнага пакарання. Беларусь – адзіная краіна ў Еўропе, дзе
дагэтуль прысуд прыводзяць у выкананне шляхам расстрэлу”.

Лявон Вольскі, адказваючы на пытанне, якім чынам праект “Апошні золак”
паўплывае на наяўнасць смяротнага пакарання ў нашай краіне, адказаў:
“Канцэрт можа паўплываць на грамадскае меркаванне, нашы людзі досыць
крыважэрныя, і значная іх частка прагне абавязковага пакарання злачынцаў,
нават калі ёсць верагоднасць, што гэтыя злачынцы невінаватыя”.

Праект “Апошні золак” арганізаваны пры падтрымцы Праваабарончага цэнтра
“Вясна” і прымеркаваны да Сустветнага дня барацьбы супраць
смяротнага пакарання, які адзначаецца 10 кастрычніка.

 

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны