“Смяротнае пакаранне: шлях у мінулае” (відэа)
Новы відэафільм, прысвечаны тэме адмены смяротнай кары ў Беларусі, створаны ў межах кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання”. Ягоная прэзентацыя на youtube прымеркаваная да Сусветнага дня барацьбы супраць смяротнага пакарання, які адзначаецца 10 кастрычніка ў большасці краінаў свету.
У фільме “Смяротнае пакаранне: шлях у мінулае” вядомыя беларусы, дзеячы культуры і мастацтва, музыкі і пісьменнікі выказваюцца за адмену такога дзікунскага віду пакарання, як растрэл. Сваімі разважаннямі і думкамі дзеляцца акторка і спявачка Ганна Хітрык, рэжысёр і драматург Андрэй Курэйчык, мастак і тэлевядучы Андрусь Такінданг, музыка Уладзімер Пугач, пісьменнік Леанід Дранько-Майсюк.
Нагадаем, з 5 па 10 кастрычніка Праваабарончы цэнтр “Вясна” ладзіць “Тыдзень супраць смяротнага пакарання”, які будзе насычаны мерапрыемствамі і інфармацыяй адносна набалелай праблемы, якую ўздымаюць праваабаронцы ў беларускім грамадстве. Напрыклад, 5 кастрычніка ў Беластоку адбыўся рок-канцэрт “Апошні золак”, анлайн-трансляцыю якога змаглі паглядзець тысячы людзей.
Рэспубліка Беларусь застаецца дагэтуль адзінай краінай у Еўропе, дзе ўжываецца гэты від пакарання.