“Апошні золак” – магчымасць данесці сваю пазіцыю пра смяротнае пакаранне
5 кастрычніка ў Беластоку адбыўся канцэрт “Апошні золак”, прысвечаны тэме смяротнага пакарання ў Беларусі. Дзякуючы онлайн трансляцыі, яго змаглі ўбачыць тысячы беларусаў, нягледзячы на межы паміж Польшчай і Беларуссю, “чорныя спісы” з музыкантаў, якія прымалі ўдзел у канцэрце, і забарону на абмеркаванне тэмы смяротнага пакарання ў публічнай прасторы.
Па словах каардынатара кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэя Палуды, ідэя арганізаваць канцэрт узнікла некалькі год таму. “Мы заўсёды разумелі, што вельмі важным з’яўляецца інфармацыйны складнік кампаніі – як мага шырэй распаўсюджваць інфармацыю пра смяротнае пакаранне ў нашай краіне. З гэтай мэтай мы запісвалі відэаролікі, дзе вядомыя беларусы і не толькі выказвалі сваё меркаванне наконт гэтай тэмы. Але пасля мы падумалі, што музыканты найлепш могуць выразіць сваю пазіцыю не праз словы, а праз песні. Так з’явілася ідэя правесці адмысловы канцэрт”.
Запіс праекту адбываўся ў залі Беластоцкай філармоніі. Музычнае суправаджэнне было фактычна аркестровым. Ідэя канцэрту – спалучыць некалькі відаў мастацтва, таму кожная песня суправаджалася відэаінсталяцыямі, жывымі карцінамі з пяску, якія дапаўнялі сюжэты песен, давалі дадатковую інфармацыю пра смяротнае пакаранне. Таксама прагучалі меркаванні знакамітых людзей наконт гэтай тэмы. Супраць найвышэйшай меры пакарання выступілі Стынг, Уладзімір Арлоў, Валянцін Стэфановіч, Адам Глобус.
Па дзве песні ад кожнага выканаўцы было прадстаўлена на канцэрце. Кампазіцыі былі адмыслова прысвечаныя тэме смяротнага пакарання. Лявон Вольскі праспяваў пра ўкрыжаванне, Аляксандр Памідораў - пра ўтрыманне асуджаных у газавых камерах, Ганна Хітрык выбрала тэмай песні гільяціну, Алесь Дзянісаў звярнуўся да тэмы расстрэлу, Наста Шпакоўская напісала песню пра электрычнае крэсла, Віктар Рудэнка праспяваў пра атруту, а Зміцер Вайцюшкевіч - пра шыбеніцу.
Пасля канцэрта Аляксандр Памідораў заўважыў: “Тэма смяротнага пакарання – вельмі складаная. Важна, што нам, музыкантам, далі магчымасць выказаць сваю пазіцыю. А канцэрт атрымаўся нават лепшы, чым мы разлічвалі”.
Праект “Апошні
золак” арганізаваны пры падтрымцы Праваабарончага цэнтра “Вясна” і прымеркаваны
да Сустветнага дня барацьбы супраць
смяротнага пакарання, які адзначаецца 10 кастрычніка. У гэты ж дзень адбудзецца
паўтор онлайн канцэрта. Падчас прэзентацыі здымалася тэлеверсія канцэрту, пасля
яна будзе выдадзеная на DVD.