Беларускія музыканты выступілі супраць смяротнага пакарання

Беларускія музыкі аб'ядналіся ў супольны праект «Апошні золак», прысвечаны барацьбе за адмену смяротнага пакарання ў нашай краіне. 

Беларусь застаецца апошняй краінай у Еўропе, дзе дагэтуль злачынца можа быць асуджаны на смерць.

«Пажыццёвае зняволенне ў выпадку асабліва цяжкага злачынства будзе больш слушным пакараннем», — мяркуе Лявон Вольскі. «Мастацтва з’яўляецца адным з вышэйшых праяўленняў чалавечай натуры, а смяротнае пакаранне — адным з ніжэйшых», — тлумачыць сваю пазіцыю Зміцер Вайцюшкевіч. 

Супольныя праекты — добрая традыцыя беларускіх музыкаў. Некаторыя з такіх складанак станавіліся гістарычнымі з'явамі ў айчыннай культуры, як легендарныя «Народны альбом» і «Я нарадзіўся тут».

Сёлетні праект быў арганізаваны праваабаронцамі-«вясноўцамі» і прымеркаваны да Сусветнага дня барацьбы супраць смяротнага пакарання, які штогод адзначаецца 10 кастрычніка.

«Хацелася, каб як мага большая колькасць людзей даведалася гэтую інфармацыю і паглядзела канцэрт.

Аднак рэаліі, якія існуюць у нашай краіне, не дазваляюць сабраць стадыёны ці «Мінск-Арэну». Многія з выканаўцаў знаходзяцца ў Беларусі ў «чорных спісах», у іх няма магчымасці выступаць», — тлумачыць каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі» Андрэй Палуда.

Таму запіс праекта было вырашана арганізаваць у Беластоцкай філармоніі. Білеты на канцэрт не прадаваліся, таму гледачоў у залі было вобмаль. Затое трансляцыя ладзілася на дзясятак сайтаў, сярод якіх і «Наша Ніва».

Кожны з сямі выканаўцаў праспяваў пра той ці іншы спосаб смяротнага пакарання.

Напрыклад, у песні Лявона Вольскага можна было пачуць пра ўкрыжаванне, у Ганны Хітрык пра гільяціну, а ў Змітра Вайцюшкевіча — пра шыбеніцу. Апроч іх, заспявалі Аляксандр Памідораў, Наста Шпакоўская (Naka), Алесь Дзянісаў (Людзі на Балоце) і Віктар Рудэнка, вядомы па праектах Rostany і Dali.

Тым часам над сцэнай разгортвалася яшчэ адна дзея. Побач са спевакамі стаяла мастачка, якая малявала пяском на спецыяльным століку. Атрыманыя выявы ў жывым эфіры рэтрансляваліся на вялікі экран.

Гэты незвычайны від мастацтва дэманстраваўся гледачам на працягу ўсяго канцэрта — больш за гадзіну. Запіс канцэрту «Апошні золак» будзе распаўсюджвацца на DVD-дысках. А 10 кастрычніка, у дзень Сусветнага дня барацьбы супраць смяротнага пакарання, адбудзецца паўтор канцэрта.

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны