Вынік даследавання: грамадства недастаткова інфармаванае пра смяротнае пакаранне

Вікторыя Сяргеева і Сяргей Шымавалос, прадстаўнікі Маскоўскага офіса Penal Reform Int.
Вікторыя Сяргеева і Сяргей Шымавалос, прадстаўнікі Маскоўскага офіса Penal Reform Int.

Сацыялагічная кампанія Satio правяла буйное даследаванне на тэму злачыннасці і пакарання ў Беларусі. 

Даследаванне выявіла неадназначнае стаўленне да смяротнага пакарання як у яго прыхільнікаў, так і праціўнікаў. На прамое пытанне аб адмене смяротнага пакарання больш за палову апытаных жыхароў Беларусі выказаліся за падтрымку яго прымянення - 63,8%. Аднак, што важна, пры высвятленні стаўлення да альтэрнатыўных мераў пакарання (пажыццёвае зняволенне, мараторый на прымяненне смяротнага пакарання), таксама выявілася шырокая падтрымка апытаных.

Сярод перакананых прыхільнікаў смяротнага пакарання галоўным аргументам з'яўляецца адэкватная адплата за здзейсненае злачынства. Дадатковы важны аргумент - пачуццё бяспекі грамадзян ад наяўнасці ў дзяржаве смяротнага пакарання.

Для перакананых праціўнікаў смяротнага пакарання галоўны аргумент - каштоўнасць чалавечага жыцця. 

Цікавасць выклікае, што 73,5% рэспандэнтаў асцерагаюцца судовых памылак і прытрымліваюцца пазіцыі "горш асудзіць невінаватага, чым дазволіць вінаватаму сысці ад пакарання". Гэтыя лічбы, па словах рэгіянальнага дырэктара Маскоўскага офіса Penal Reform Int. Вікторыі Сяргеевай, можна лічыць феноменам Беларусі.

"Нас таксама здзівіла, што 33% апытаных не валодаюць інфармацыяй пра смяротнае пакаранне. А 5,5 % наогул перакананыя, што ў краіне даўно ўведзены мараторый. Гэта паказвае, наколькі грамадства недастаткова інфармаванае пра такую важную тэму, як смяротнае пакаранне".

Эксперт дадала, што медыі таксама надзяляюць недастаткова ўвагі тэме смяротнага пакарання. Толькі 6% апытаных адначылі, што чыталі пра смяротную кару ў СМІ.

Беларусь - адзіная краіна ў Еўропе, дзе дагэтуль захавалася смяротнае пакаранне. Гэта адна з прычынаў, чаму наша краіна не ўваходзіць у Савет Еўропы. Чыноўнікі і дэпутаты неаднаразова падкрэслівалі, што ціск ЕС адносна адмены смяротнага пакарання - гэта ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы дзяржавы, маючы на ўвазе, што адмена смяротнага пакарання - гэта, найперш, палітычнае пытанне. Аднак як паказала апытанне Satio, увага Еўрапейскага саюза і магчымасць з адменай смяротнага пакарання далучыцца Беларусі да Савета Еўропы фактычна не ўплывае на стаўленне простых людзей да праблемы, яны не лічаць гэты аргумент істотным.

На сустрэчы, дзе былі прэзентаваныя вынікі даследавання, прыстунічалі прадстаўнікі кампаніі "Правабаронцы супраць смяротнага пакарання". Як адзначыў каардынатар Андрэй Палуда, даследаванне пацвердзіла, наколькі важна праводзіць інфармацыйную кампанію. "Нас радуе, што з 2009 года тэма смяротнага пакарання стала медыйнай. Але, вядома, хацелася б, каб пра яе ўзгадвалі не толькі напярэдадні Сусветнага дня супраць смяротнага пакарання - 10 кастрычніка - але і на працягу ўсяго года. Змяніць меркаванне людзей мы можам толькі прадаставіўшы ім поўную інфармацыю і альтэрнатыву", - адзначыў праваабаронца.

У аснове даследавання Satio - вынікі асабістых інтэрв'ю з 1 100 жыхарамі Беларусі ва ўзросце ад 18 да 75 год і вынікі шасці тэматычных фокус-груп, праведзеныя сёлета. Даследаванне выканана па замове Penal Reform International. Падрабязней пазнаёміцца з яго вынікамі можна ў далучаных файлах.

Дакументы

Фота

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны