Тамара Чыкунова пра незваротнасць смяротнай кары: «Пасмяротнае апраўданне не вяртае да жыцця нявінна пакаранага...»
З 1-га студзеня 2008 года ва Узбекістане было адменена смяротнае пакаранне.
Праваабарончая супольнасць Узбекістана зрабіла свой унёсак у гэтую справу, але,
напэўна, больш за ўсіх - Тамара Чыкунова, якая заснавала праваабарончую
арганізацыю "Маці супраць смяротнага пакарання і катаванняў", пасля таго,
як у Ташкенце расстралялі яе адзінага сына.
Прынцыповая пазіцыя Тамары Чыкуновай у барацьбе за адмену смяротнага пакарання атрымала
заслужаную павагу - за сваю праваабарончую дзейнасць у гэтай галіне яна стала
лаўрэатам шматлікіх міжнародных прэмій, у тым ліку ўзнагароджана французскім
нацыянальным Ордэнам Ганаровага Легіёна.
Тамара Чыкунова гаворыць пра смяротнае пакаранне, якое для яе - не абстрактная
праблема, а трагедыя: «Пасля пакарання смерцю майго адзінага сына
Дзмітрыя, я два гады не спала ... не магла спаць - ад адчаю і жаху, ад бяссілля
... Мяне ўвесь час мучыла пытанне: чаму такая жорсткасць і за што? Лёс ударыў
мяне аб зямлю, разбіў маё жыццё і адабраў будучыню ... Самае страшнае пры выкананні
смяротнага пакарання - судовая памылка! Сапраўды, смяротны прысуд, калі ён
вынесены памылкова, па агаворы, па злым намеры, сам робіцца страшным злачынствам.
Акрамя таго, усе судовыя сістэмы не выключаюць дыскрымінацыі і памылак. Ніводная
сістэма ў свеце не здольная гарантаваць справядлівае і беспамылковае рашэнне
пра тое, каму варта жыць, а каму - памерці. Любы іншы прысуд можа быць
кампенсаваны, зроблены больш мяккім, але не пакаранне смерцю! Пасля пакарання
смерцю не можа быць вяртання. Мой сын Дзмітрый быў асуджаны па неправасудным выраку
ў лістападзе 1999 года. 10 ліпеня 2000 года ён быў таемна расстраляны ў
Ташкенцкай турме. У У сакавіку 2005 года мой сын рэабілітаваны пасмяротна, прызнаны
невінаватым, а суд над ім - несправядлівым. Але смяротнае пакаранне незваротнае
... незваротнае не толькі жахам самой кары, незваротнае ў прынцыпе -
пасмяротнае апраўданне не вяртае да жыцця нявінна пакаранага...»
На сённяшні дзень Цэнтральная Азія вольная ад смяротнага пакарання.
Туркменістан - смяротнае пакаранне адмененае ў 1996 годзе.
Казахстан - смяротнае пакаранне адмененае 20 ліпеня 2009 года.
Таджыкістан - двухбаковы мараторый на вынясенне і выкананне смяротнага
пакарання, дзейнічае з чэрвеня 2004 года.
Кыргызстан - 25 чэрвеня 2007 года падпісаны закон аб адмене смяротнага
пакарання.
У гэтым вялікая заслуга Тамары Чыкуновай, якая цяпер жыве ў Італіі, дзе
супрацоўнічае з
арганізацыяй «Супольнасць святога Эгідзія » і змагаецца супраць смяротнага
пакарання ў тых краінах, дзе яно яшчэ існуе.
У 2010 годзе Тамара Чыкунова была ў Беларусі, яна сустракалася са Святланай Жук -
маці расстралянага Андрэя Жука і актывістамі кампаніі "Праваабаронцы супраць
смяротнага пакарання ў Беларусі".
Паліна Сцепаненка, адмыслова для кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”