Дакладчык ААН заклікае да мараторыю на сьмяротнае пакараньне
Спэцыяльны дакладчык ААН па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Міклаш Харасьці заклікаў улады Беларусі неадкладна ўвесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне, пакуль не адбудзецца рэформы заканадаўства і судовай сыстэмы, якая дазволіць выдаліць сьмяротнае пакараньне з Крымінальнага кодэксу краіны.
Беларусь — адзіная краіна Эўропы, у якой
захоўваецца сьмяротнае пакараньне ў мірны час.
«Я глыбока расчараваны рашэньнямі беларускіх судоў, якія працягваюць
выносіць сьмяротныя выракі грамадзянам краіны», — сказаў Харасьці,
выказаўшы шкадаваньне з нагоды рашэньня Вярхоўнага Суду Беларусі, які
18 верасьня пакінуў у сіле сьмяротны прысуд Паўлу Селюну. Сялюн быў
абвінавачаны ў двайным забойстве — сваёй жонкі
і яе каханка — і 12 ліпеня сёлета Гарадзенскі абласны
суд вынес яму сьмяротны вырак.
Цягам 2013 году у беларускіх судах было яшчэ два сьмяротныя прысуды:
24 красавіка Магілёўскі абласны суд вынес сьмяротны вырак Рыгору Юзэпчуку,
а 14 чэрвеня Гомельскі абласны суд — Аляксандру Грунаву. Абодва
былі асуджаныя паводле абвінавачаньняў у забойствах. З 2010 па 2012
год у Беларусі былі прыведзеныя ў выкананьне пяць сьмяротных
прысудаў, нягледзячы на тое, што Камітэт ААН у правах чалавека
заклікаў прыпыніць выкананьне прысудаў.