Былы выканаўца смяротных прысудаў з ЗША падпісаў петыцыю супраць смяротнага пакарання ў Беларусі
Абапіраючыся на свой жыццёвы досвед, Джэры Гівенс, цяпер актывіст асацыяцыі "Жыхары Вірджыніі супраць смяротнага пакарання" і аўтар кнігі "Ніхто не можа абяцаць яшчэ адзін дзень" (Another Day is Not Promised ), лічыць, што толькі поўная адмова дзяржавы ад смяротнага пакарання можа выключыць судовую памылку.
З Джэры Гівенсам прадстаўнікі кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" пазнаёміліся на 5-м Сусветным кангрэсе супраць смяротнага пакарання, які праходзіў у гэтым годзе ў Мадрыдзе. Цікавасць да персоны амерыканскага абаліцыяніста (так сябе называюць сучасныя прыхільнікі руху за адмену смяротнай кары) была выклікана яго шматкроць цытуемым выступам, у якім ён распавёў, чаму з'яўляецца заўзятым праціўнікам гэтай меры пакарання.
Джэры Гівенс, які жыве ў Рычмандзе (штат Вірджынія), больш за дваццаць пяць гадоў працаваў у папраўчых установах. На працягу сямнаццаці гадоў ён ачольваў турэмныя каманды па прывядзенні ў выкананне смяротных прысудаў. За гэтыя гады ён удзельнічаў у 62-х пакараннях смерцю: 37 былі выкананыя з дапамогай электрычнага крэсла, 25 - з дапамогай смяротнай ін'екцыі. Як сказаў Гівенс, прасвятленне ў яго наступіла ў 1993 годзе, калі адзін з асуджаных да пакарання смерцю быў апраўданы па выніках экспертызы ДНК. (Дарэчы, з пачатку 1990 года, дзякуючы экспертызе ДНК, у ЗША былі перагледжаныя прысуды ў дачыненні да 302 чалавек, з якіх 18 павінны былі пакараць смерцю.) Гівенс тады задаўся пытаннем: "Калі я пакараю невінаватага, то чым жа я адрозніваюся ад тых, хто знаходзіцца ў камеры смяротнікаў?". У далейшым задумацца над праблемай судовай памылкі яго прымусіў і асабісты досвед: у 1999 годзе Гівенс апынуўся ў турме - па абвінавачваннях у злачынствах, якія, як ён сцвярджае, не здзяйсняў. І тады ён падумаў, што сярод 62-х пакараных ім людзей таксама маглі быць тыя, хто трапіў пад несправядлівае судовае разбіральніцтва. З тых часоў Джэры Гівенс намагаецца данесці грамадству, што толькі поўная адмова ад пакарання можа гарантаваць, што зняволены не будзе пазбаўлены жыцця памылкова.
Распавядаючы пра знаёмства з Джэры Гівенсам, каардынатар кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" Андрэй Палуда адзначыў, што гэта не першы выпадак за гады правядзення кампаніі, калі непасрэдныя ўдзельнікі выканання смяротных прысудаў публічна выказваюцца супраць пакарання смерцю. Раней кампанію беларускіх праваабаронцаў падтрымаў Алег Алкаеў, аўтар скандальнай кнігі "Расстрэльная каманда", які ў 1996 - 2001 гадах быў начальнікам мінскага СІЗА № 1 і кіраваў камандай, якая выконвае смяротныя прысуды. Па сведчанні Алкаева, за гэты перыяд былі расстраляныя 134 зняволеных.
"Падчас нашай гутаркі з Алегам Алкаевым ён выказваў аргументы супраць прымянення смяротнага пакарання, якія супадаюць з аргументамі Джэры Гівенса, - пра тое, што можа быць асуджаны невінаваты чалавек, - распавядае Андрэй Палуда. - Але, з яго слоў, самы важны для яго той аргумент, што смяротнае пакаранне не з'яўляецца мерай прафілактыкі асабліва цяжкіх злачынстваў. Таксама ён неаднаразова рабіў акцэнт на тым, як бы гэта "банальна" ні гучала, што Беларусь - апошняя краіна ў Еўропе, дзе захоўваецца смяротнае пакаранне ..."
Праваабаронца падкрэслівае тую акалічнасць, што гэтыя аргументы гучаць з вуснаў людзей, якія мелі самае непасрэднае дачыненне да выканання смяротных прысудаў, якім вядомая ўся «паднаготная» гэтага працэсу.
"Падчас нашай гутаркі Алег Алкаеў казаў, што ў кожным выпадку тых смяротных прысудаў, якія ён выконваў, ён быў упэўнены ў вінаватасці гэтых людзей. Але быў у яго практыцы адзін выпадак, калі ён у прынцыпе разумеў, што чалавек, якога расстрэльваюць, абгаварыў сябе з пачуцця салідарнасці з іншымі саўдзельнікамі злачынства. 19-гадовы хлопец быў расстраляны па самаагаворы...", - прыводзіць прыклад Андрэй Палуда.
Заклікаючы ўсіх у Сусветны дзень барацьбы супраць смяротнага пакарання падпісаць Петыцыю "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі", каардынатар кампаніі прапануе прыслухацца да аргументаў былых выканаўцаў смяротных прысудаў. Важна, што сёння менавіта гэтыя людзі ўсяму свету кажуць пра тое, што смяротнага пакарання быць не павінна.