Сёння адзначаецца Сусветны дзень барацьбы супраць смяротнага пакарання

10 кастрычніка 2013 года ў 11-ы раз адзначаецца Сусветны дзень барацьбы супраць смяротнага пакарання, заснаваны Сусветнай кааліцыяй супраць смяротнага пакарання - аб'яднаннем юрыдычных асацыяцый, прафсаюзаў, мясцовых і рэгіянальных органаў улады, а таксама праваабарончых арганізацый з мэтай паўсюднай забароны на гэты від вышэйшай меры пакарання.

У 2007 годзе Камітэт міністраў Савета Еўропы заснаваў "Еўрапейскі дзень барацьбы супраць смяротнага пакарання", які праводзіцца штогод таксама 10 кастрычніка. Гэта ўнёсак еўрапейскіх краінаў у Сусветны дзень барацьбы супраць смяротнага пакарання.

Прыхільнікі абаліцыянісцкага руху выступаюць супраць смяротнага пакарання ва ўсіх выпадках без выключэння, незалежна ад характару злачынства, характарыстык злачынцы і спосабу, якім дзяржава пазбаўляе жыцця асуджанага. Смяротнае пакаранне яны расцэньваюць як крайнюю форму пазбаўлення чалавека яго правоў - праз наўмыснае пазбаўленне жыцця дзяржавай. Гэта жорсткае, антыгуманнае і прыніжаючае чалавечую годнасць пакаранне. Смяротнае пакаранне парушае права на жыццё, абвешчанае ў Сусветнай дэкларацыі правоў чалавека.

На еўрапейскай прасторы Беларусь застаецца апошняй краінай, дзе ўсё яшчэ практыкуецца смяротнае пакаранне.

Гэты від пакарання, які дастаўся нам у спадчыну ад савецкага мінулага, не зведаў значных зменаў з часоў распаду СССР. Смяротны прысуд прыводзіцца ў выкананне спецыяльнай камандай супрацоўнікаў МУС у СІЗА № 1 горада Мінска шляхам расстрэлу. Як і ў савецкія часы, пра дату і час пакарання не паведамляецца, цела сваякам пакаранага не выдаецца, месца пахавання не паказваецца.

Такая практыка не раз падвяргалася рэзкай крытыцы як беларускіх, так і міжнародных праваабарончых арганізацый. Камітэт па правах чалавека ААН тройчы прызнаваў такое абыходжанне негуманным, бесчалавечным і жорсткім відам абыходжання і парушэннем Беларуссю артыкула 7 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГПП). Апошняе падобнае рашэнне было вынесена КПЧ ААН па справе Уладзіслава Кавалёва, расстралянага 15 сакавіка 2011 года.

Варта адзначыць атмасферу сакрэтнасці ў дачыненні да пытання прымянення смяротнага пакарання ў краіне. Прадстаўнікам кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі", якая праводзіцца з 2009 года, вядома толькі колькасць вынесеных і ўступіўшых у сілу смяротных прысудаў. Так, з 1990 года ў Беларусі ўступілі ў сілу смяротныя прысуды, вынесеныя ў дачыненні да 329 чалавек. З іх 281 прысуд быў вынесены ў перыяд з 1990 па 1999 гады. Пасля 1999 года назіраецца тэндэнцыя да рэзкага зніжэння колькасці вынесеных прысудаў. Так, з 2000 па 2013 было вынесена 50 смяротных прысудаў. Дадзены факт, у першую чаргу, звязаны са з'яўленнем у 1998 годзе ў Крымінальным кодэксе Беларусі альтэрнатыўнага смяротнаму пакаранню віда пакарання - пажыццёвага зняволення.

"Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" патрабуюць ад уладаў Беларусі ўвядзення мараторыя на прымяненне гэтага бесчалавечнага віда пакарання, адзначаючы шэраг істотных праблем, звязаных з наяўнасцю смяротнага пакарання ў краіне. Сярод іх - адсутнасць належнага грамадскага кантролю за дзейнасцю органаў міліцыі, спецслужбаў і месцамі прымусовага ўтрымання грамадзян і, як следства, наяўнасць фактаў ужытку катаванняў у дачыненні да затрыманых і падазраваных, адсутнасць магчымасці абскардзіць прысуд Вярхоўнага Суда Беларусі ў касацыйным, прыпыняючым выкананне прысуду, парадку, малы перыяд часу ад вынясення да выканання прысуду (ад 1 года да 4 месяцаў і менш), выкананне смяротных прысудаў да разгляду зарэгістраваных зваротаў у КПЧ ААН і вынесеных КПЧ тэрміновых працэдур абароны, і, нарэшце, залежныя ад выканаўчай улады судовыя органы і адвакатура. Усе гэтыя фактары ствараюць сур'ёзную пагрозу магчымасці судовых памылак і пакаранняў смерцю людзей, чыя віна ў здзяйсненні злачынства не была ўстаноўлена ў ходзе разгляду справы бесстароннім і незалежным судом.

Канстытуцыя Беларусі гаворыць аб тым, што смяротнае пакаранне ў краіне дзейнічае  да моманту яго адмены. Нам здаецца, што час для гэтага настаў. Для ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне дастаткова прыняцця ўказа прэзідэнта краіны.

 

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны