Любоў Кавалёва: "Смяротнае пакаранне выносіцца ад імя дзяржавы і народа, а людзі нават пра гэта не ведаюць"
З нагоды Сусветнага дня супраць смяротнага пакарання ў ПЦ "Вясна" прайшла прэс-канферэнцыя з удзелам праваабаронцаў і сваякоў асуджаных да расстрэлу.
Сустрэча праходзіла ў межах інфармацыйнага тыдня супраць смяротнага пакарання, які праходзіў па ініцыятыве кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі". Па словах каардынатара Андрэя Палуды, такія інфармацыйныя тыдні будуць цяпер праходзіць штогод, пакуль у Беларусі не будзе адменена найвышэйшая мера пакарання.
На прэс-канферэнцыі прысутнічала маці асуджанага на смерць Уладзіслава Кавалёва. Яна адзначыла, што грамадства недастаткова інфармаванае пра смяротнае пакаранне, многія нават не падазраюць, што дагэтуль у Беларусі захавалася такая мера пакарання. "Я і сама паняцця не мела пра гэта, пакуль сама не сутыкнулася з гэтай праблемай", - сказала Любоў Кавалёва.
Андрэй Палуда тлумачыць недастатковую інфармаванасць насельніцтва тым, што ў грамадстве не хапае адкрытай дыскусіі. Да таго ж, улады актыўна замоўчваюць інфармацыю, датычную ўтрымання асуджаных і выканання прысудаў.
Валянцін Стэфановіч адзначыў, што мараторый ці адмена смяротнага пакарання ў Беларусі - гэта палітычнае пытанне. "Акадэмічныя колы пацверджваюць, што наяўнасць смяротнага пакарання не ўплывае на ўзровень злачыннасці. Чыноўнікі ўвесь час кажуць, што мы ўжо падыйшлі да мараторыя. Але рашэнне ўвесь час адкладваецца, нібыта пакуль ЕС цісне, рашэння не будзе. Але мы павінны ўвесці мараторый не для Еўрасаюзу і не для ПАСЕ, а для беларускага грамадства".
Праваабаронцы і маці асуджанага Паўла Селюна звярнуліся да прэзідэнта з просьбай аб літасці і несмяротным пакаранні маладога чалавека.
"Мой сын здзейсніў памылку, ён павінен панесці пакаранне, але не такое, як расстрэл", - сказала Тамара Сялюн.
Яна накіравала зварот на імя прэзідэнта і патрыярха Філарэта з просьбай аб памілаванні. Павал Селюн таксама напісаў прашэнне аб памілаванні. 2-га кастрычніка ў Камітэце па правах чалавека ААН была зарэгістравана яго індывідуальная скарга, даверанай асобай з'яўляецца каардынатар кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" Андрэй Палуда.