Ксёндз Мікалай Ціхановіч: Сучасны Касцёл заклікае адмовіцца ад смяротнага пакарання

Ксёндз Мікалай Ціхановіч
Ксёндз Мікалай Ціхановіч

Ксёндз Мікалай Ціхановіч, выкладчык маральнай тэалогіі Вышэйшай духоўнай семінарыі Рыма-каталіцкага касцёлу ў Гродне, быў адным з удзельнікаў круглага стала «Рэлігія і смяротнае пакаранне», арганізаванага Радай Еўропы 21 чэрвеня ў Мінску. На гэтым мерапыемстве кс.Мікалай Ціхановіч прадставіў пазіцыю Каталіцкага Касцёла адносна смяротнага пакарання.

Ксёндз Мікалай Ціхановіч тлумачыць, чаму хрысціянская мараль не можа суіснаваць са смяротным пакараннем.

- Якая агульная пазіцыя сучаснага Каталіцкага Касцёлу ў дачыненні да кары смерцю? Якую эвалюцыю гэтая пазіцыя перацярпела?

- Традыцыйнае навучанне Касцёлу засноўвалася на тым, што смяротнае пакаранне не супярэчыла Божаму Закону, але і не з’яўлялася яго прадпісаннем. Неабходнасць смяротнага пакараня ацэньвалася ў залежнасці ад жыццёвых абставін.  Аналізуючы гэтыя абставіны, каталікі выказваліся і -за, і - супраць. Але з цягам часу пазіцыя Касцёлу змянілася. Цяпер Касцёл вельмі выразна заклікае сусветную супольнасць да адмены смяротнага пакарання, да таго, каб адмовіцца ад такого “спосабу справядлівасці”. Менавіта такім духам запаліў Касцёл благаславёны Ян Павел ІІ, які ў 1998 годзе на Божае Нараджэнне ўпершыню ў гісторыі сучаснага Касцёлу публічна выступіў супраць смяротнага пакарання. Ён падкрэсіў, што ў сучасным свеце, калі ёсць шматлікія магчымасці забяспечыць і гарантаваць супакой у свеце, абараніць ад агрэсара сучаснага чалавека, можна адмовіцца ад смяротнага пакарання - грамадства можа знайсці іншыя сродкі, акрамя кары смерцю. У 1999 годзе ў Злучаных Штатах Ян Павел ІІ зноў заклікаў адмяніць смяротнае пакаранне. А кульмінацыйным момантам было, калі ён заклікаў у 2000-ым юбілейным годзе ўвогуле адмовіцца ад смяротнага пакарання як спосабу грамадскай справядлівасці. Гэта вялікі поступ у напрамку гуманістычнага падыходу да пытання смяротнага пакарання. Пазіцыя Касцёлу падкрэслівае дух Евангелля - запаведзі любові, якой Езус навучае. Таксама ў 1999 годзе Папскі Нунцый Рыната Марціні ў ЗША на Божае нараджэнне выступіў з афіцыйным заклікам да сусветнай арганізацыі ААН, каб усе народы ішлі ў кірунку адмены смяротнага пакарання. Гэта такі эвалюцыйны напрамак у кірунку таго, што Касцёл заклікае ўсіх сучасных грамадзянаў, асабліва, хрысціянаў, адмовіцца ад такога спосабу вымярэння справядлівасці.   

- Вернікі задаюць Вам, каталіцкім святарам, тэолагам,  самыя розныя пытанні… Якія аргументы Вы звычайна выкарыстоўваеце пры разглядзе пытання пра смяротнае пакаранне?

- Як і заўсёды было ў гісторыі, сярод вернікаў ёсць вялікая колькасць людзей, якія за смяротнае пакаранне, і ёсць вялікая колькасць людзей, якія супраць. Але мы аргументуем, перад усім, тым, што годнасць чалавечага жыцця, з’яўляецца годнасцю, якая паходзіць ад самога Бога. Бог з’яўляецца крыніцай жыцця, даўцам жыцця. І толькі Бог вырашае - даць чалавеку жыццё ці гэтае жыццё прыняць. Чалавек не мае права забіраць жыццё і ў сябе, і ў іншага чалавека. Вось гэта першы аргумент: жыццё чалавека з’яўляецца Божым дарам, чалавек з’яўляецца толькі адміністратарам гэтага жыцця. Гэта першы аргумент. А потомы, ідучы ў кірунку евангельскім, мы прыгадваем навучанне Езуса Хрыста, які заклікаў няпомстлівым чынам ставіцца да чалавека.  Ён заклікаў любіць бліжняга, ён заклікаў маліцца за ворага і прабачаць. Езус нясе міласэрнасць і любоў. Нават у тэалогіі маральнай, якую я выкладаю на занятках у Вышэйшай духоўнай семінарыі, я таксама паказваю, Божы Закон Дэкалогу ў перспектыве Новазаветнай, дзе Божае права мы разглядаем у духу навучання Езуса Хрыста, які падкрэслівае годнасць чалавечага жыцця, не ідучы ў кірунку помсты і агрэсіі. І мы заклікаем вернікаў, каб яны пераглядалі ў жыцці свае адносіны да смяротнага пакарання. Помста, гнеў, нянавісць - гэта не мера справядлівасці.

- Ёсць яшчэ тонкія псіхалагічныя моманты. Тыя людзі, якія выконваюць прысуд, што адбываецца з іх душой, з пункту гледжання Каталіцкага касцёлу? Гэтыя людзі маюць шанец на пакаянне і ўратаванне душы? Ці гэта не трактуецца як забойства, бо кат выконвае волю іншых і свае прафесійныя абавязкі?

- Гэты аспект мы таксама не можам не разглядаць. Трэба ўвайсці ў сітуацыю людзей, якія выконваюць вырак і нават медыкаў, якія канстатуюць смерць пакаранага. Гэты аспект з’яўляецца вельмі важным, бо сумленне - гэта голас Божы, і гэта не залежыць ад таго веруючы чалавек ці не веруючы. Кожны чалавек разумее, што жыццё гэта Дар, што жыццё трэба цаніць. І мы павінны таксама браць пад увагу гэты аспект. Я лічу, што людзі, якія змушаныя выконваць смяротны прысуд, маюць вялікія ўнутраныя псіхалагічныя праблемы. Чалавек не можа заставацца абыякавым у адносінах да таго, што ён выконвае ў адносінах да чалавечага жыцця. Вядома, што такі чалавек мае шанец на прабачэнне, на міласэрнасць Пана Бога.

- Паводле нашага заканадаўства целы расстраляных не выдаюцца для пахавання сваякам…

- Гэта супярэчыць хрысціянскаму светапогляду. З хрысціянскага светапогляду цела чалавека пасля смерці мае права на павагу і на хрысціянскае пахаванне, мае права быць перададзеным землі. Хрысціянскае пахаванне - гэта адзін з важных абрадаў, знак павагі да чалавека, які адыйшоў у Вечнасць, але яго цела мае права на пашану. Гэты аспект з нявыдачай цела пакаранага мусіць быць выключаны з грамадства. Тут яшчэ ўзнікаюць і сацыяльныя канфлікты, звязаныя з сям’ёй. Людзі маюць права прыйсці на магілу сваіх родных, блізкіх - памаліцца за збаўленне іх душы. А як можна прыйсці на магілу, калі не ведаеш, дзе спачывае цела? 

- Прыгадаем гісторыю 20-га стагоддзя, калі ў СССР ішлі масавыя расстрэлы. Што гэта быў за час, з пукту гледжання Касцёлу, чаму так здарылася?

- Гэта праблема савецкага атэізму. Калі чалавек не з’яўляецца асобай цялесна-духоўнай (як гэта ў хрысціянскім вучэнні), а толькі матэрыяльнай, то не ўлічваецца яго годнасць, якая выцякае менавіта з яго духоўнасці. Біблія навучае, што чалавек гэта істота, якая мае ў сабе вобраз і падабенства Бога. Масавыя забойствы і нешанаванне годнасці чалавека былі звязаныя са зменай погляду на чалавека. Паводле камуністычных поглядаў, чалавек - гэта “высокаарганізаваная матэрыя”, якую можна знішчыць, калі яна “непатрэбная для грамадства”.

- Чым з пункту гледжання сучаснага Касцёлу была інквізіцыя?     

- Гэта адзін з балючых бакоў Касцёлу, за які Ян Павел ІІ папрасіў прабачэння ва ўсяго свету ў 2000-ым годзе. Ён прасіў прабачэння за ўсе грахі і памылкі Каталіцкага касцёлу на працягу ўсёй гісторыі. Людзі часта забываюць, што Касцёл - гэта ўстанова боска-чалавечая. І вось гэты чалавечы аспект мае значэнне. Так, былі моманты, калі Касцёл не ўлічваў гуманістычныя аспекты. Гэта памылкі Касцёлу. Мы цяпер разумеем гэта ў гістарычным кантэксце. І перапрашаем. Адбылася эвалюцыя Касцёлу. І цяпер Касцёл заклікае адмовіцца ад смяротнага пакарання. 

Папа Рымскі Францішак напісаў тэлеграму да ўдзельнікаў Кангрэсу супраць смяротнага пакарання ў Мадрыдзе, якую я працытую: “Пакаранне смерцю павінна быць замененае на іншае, якое бы прадугледжвала шанец для злачынцы задумацца над сваімі правінамі і выправіцца, а нявіннаму падаравала бы надзею на справядлівасць”. І мой уласны погляд… Калі паставіць такое пытанне: ці можна сумясціць Евангелле са смяротным пакараннем? Я адкажу: смяротнае пакаранне і Евангелле несумяшчальныя.  

Гутарыла Паліна Сцепаненка, адмыслова для кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”

 

 

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны