Разгляд касацыйнай скаргі асуджанага за забойства – 18 кастрычніка ў Вярхоўным судзе
18 кастрычніка Вярхоўны суд Беларусі разгледзіць касацыйную скаргу жыхара Гомеля Аляксандра Грунова, асуджанага да выключнай меры пакарання за забойства студэнткі. Пачатак паседжання ў 9-30.
25-гадовы Аляксандр Груноў апоўначы 20 верасня 2012 года здзейсніў забойства сваёй знаёмай студэнткі Наталлі Емельянчыкавай. На судзе ён патлумачыў, што за некаторы час да сустрэчы яна абразіла яго ў кампаніі знаёмых людзей і не папрасіла прабачэння. Гэта і стала прычынай агрэсіі. У выніку ён нанёс ахвяры 102 нажавыя раненні.
Вядома, што дагэтуль ён быў асуджаны на 8 гадоў за нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў сужыцелю сваёй маці. Мужчына памёр ад цяжкіх ранаў. Толькі год асуджаны Аляксандр Груноў знаходзіўся на волі.
14 чэрвеня рашэннем Гомельскага абласнога суда Аляксандру Грунову прызначаная выключная мера пакарання - расстрэл. У судзе абвінавачаны віну прызнаў цалкам і папрасіў прабачэння ў маці Наталлі Емельячыкавай. Абвінавачаны звярнуўся з абскарджваннем у Вярхоўны суд.