Тэма смяротнага пакарання актыўна абмяркоўваецца ў рэгіёнах
Інфармацыйны вакуум, які, па дадзеных сацыялагічных даследванняў, дагэтуль захоўваецца вакол тэмы смяротнага пакарання ў нашай краіне, вырашылі змяніць актывісты кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”.
Яны, разам з рэгіянальнымі прадстаўнікамі Праваабарончага цэнтру “Вясна” ды актывістамі іншых грамадскіх рухаў арганізоўваюць сустрэчы-дыскусіі, прысвечаныя гэтай актуальнай праблеме.
Зусім нядаўна падобная сустрэча адбылася ў Рэчыцы, а ў мінулыя выходныя тэма смяротнага пакаранняя абмяркоўвалася ў Мазыры і Слоніме.
У якасці эксперта ў дыскусіях браў удзел каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Андрэй Палуда.
Праваабаронца распавядаў пра дзейнасць кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”, закраналіся такія аспекты, як незваротнасць такога пакарання, як смяротнае, прыводзілся важкія аргументы супраць смяротнай кары, статыстыка смяротных прысудаў у Беларусі.
Мяcцовыя актывісты і прадстаўнікі грамадскіх рухаў і партый змаглі задаць хвалюючыя іх пытанні, выказалі сваё меркаванне па тэме дыскусіі.