Вярхоўны суд адмяніў прысуд аб смяротным пакаранні

Калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда 18 кастрычніка разгледзела касацыйную скаргу асуджанага да смяротнага пакарання Аляксандра Грунова на прысуд Гомельскага абласнога суда. Сёння прысуд адмянілі, справу адправілі на новае судовае разбіральніцтва.

Аляксандр Груноў быў ​​прысуджаны да расстрэлу на падставе п.6 ч.2 артыкула 139 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. 25-гадовы хлопец здзейсніў забойства сваёй знаёмай студэнткі Наталлі Емельянчыкавай. На судзе ён патлумачыў, што за некаторы час да сустрэчы яна абразіла яго ў кампаніі знаёмых людзей і не папрасіла прабачэння. Гэта і стала прычынай агрэсіі. У выніку ён нанёс ахвяры 102 нажавыя раненні.

18 кастрычніка на паседжанні Вярхоўнага суда абаронца абвінавачанага Сяргей Красноў падкрэсліў, што крымінальнае заканадаўства Беларусі прадугледжвае, акрамя смяротнага пакарання, і іншыя меры пакарання - пазбаўленне волі на тэрмін ад васьмі да дваццаці пяці гадоў або пажыццёвае зняволенне.

Абаронца, спасылаючыся на нормы міжнароднага права і звязаныя з імі нормы нацыянальнага заканадаўства, прадставіў судовай калегіі шэраг парушэнняў, якія знайшлі сваё адлюстраванне ў матэрыялах крымінальнай справы, на якія суд першай інстанцыі не звярнуў увагі.

У прыватнасці, адвакат сказаў пра парушэнне прэзумпцыі невінаватасці ў дачыненні да яго падабароннага (арт. 26 Канстытуцыі РБ і п.2 арт.14 МПГПП), парушэнне прынцыпу роўнай абароны і спаборнасці судовага працэсу (арт.22 Канстытуцыі РБ і арт.24 КПК РБ), адзначыў наяўнасць супярэчнасцяў, звязаных з псіхолага-псіхіятрычнай экспертызай стану здароўя Грунова.

Апроч таго, абаронца указаў на яшчэ адзін момант, які меў месца адразу пасля вынясення прысуду, і на які, паводле яго слоў, ніхто не звяртае ўвагу: «Калі прысуд судовай калегіі Гомельскага абласнога суда яшчэ не ўступіў у законную сілу, Груноў ужо ўтрымліваўся ў адзіночнай камеры для смяротнікаў у ІЧУ УУС Гомельскага аблвыканкама, дзе быў вымушаны насіць вопратку з надпісам на спіне «ИМН» (з рускай мовы - выключная мера пакарання), гэта значыць «смяротнае пакаранне», такім чынам, ён зведваў такое абыходжанне, як быццам зыход справы і яго лёс былі ўжо прадвызначаныя...»

Каардынатар кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" Андрэй Палуда прысутнічаў сёння ў залі суда. Неўзабаве на нашым сайце з'явіцца ягоны каментар і падрабязнасці па справе Аляксандра Грунова.

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны