Смяротны прысуд Аляксандру Грунову можа быць заменены на пажыццёвае зняволенне
Прадстаўнікі кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”, якія ажыццяўляюць маніторынг судовага працэсу па справе Аляксандра Грунова, не выключаюць магчымасці замены расстрэлу на пажыццёвае зняволенне асуджанага.
Судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда Беларусі 22 кастрычніка агучыла рашэнне па касацыйнай скарзе Аляксандра Грунова, якім адмяніла смяротны прысуд, вынесены Гомельскім абласным судом.
Як зазначае каардынатар “Праваабаронцаў супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда, гэта першы падобны выпадак за час правядзення кампаніі з 2009 года.
“Суддзі Вярхоўнага суда, спаслаўшыся на артыкул 385 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса РБ, адмянілі прысуд, накіраваўшы справу на перагляд у Гомельскі абласны суд, - кажа Палуда. – Прычыны адмены нам пакуль дакладна не вядомыя, аднак, хутчэй за ўсё, калегія суддзяў звярнула ўвагу на тыя парушэнні, на якія ў сваім дадатку да касацыйнай скаргі Грунова ўказаў адвакат Сяргей Красноў, спасылаючыся на міжнародныя нормы ў галіне правоў чалавека, Міжнародны Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах”.
Аляксандр Груноў у гомельскім абласным судзе. Фота з сайта tut.by
Найперш праваабаронцы акцэнтуюць увагу на парушэнні, якое ўказаў адвакат у звязку з псіхічным станам Аляксандра Грунова. Адвакат казаў пра тое, што нягледзячы на псіхолага-псіхіятрычную экспертызу ад 24 кастрычніка 2012 года, якая ўжо была ў матэрыялах справы і паводле якой у Грунова дыягнаставалі псіхічны разлад у форме змешанага разладу асобы, суд прызначыў яшчэ адну экспертызу (хоць падставаў для гэтага не было) і пасля паклаў яе вынікі ў аснову абвінаваўчага прысуду.
У дадатку да скаргі адвакат Сяргей Красноў на гэты конт напісаў:
“То бок, суд першай інстанцыі прыняў пад увагу заключэнне стацыянарнай судовай псіхолага-псіхіятрычнай экспертызы № 123 ад 5 красавіка 2013 года, згодна з якой Груноў А.М. у перыяд здзяйснення злачынства і ў перыяд вынясення судом прысуду прызнаны ў стане свядомасці.
Разам з тым, указаная экспертыза ўтрымлівае шэраг супярэчнасцяў:
- у апісальнай частцы экспертызы ўказана, што ў раннім дзяцінстве Груноў А.М. вельмі цяжка перанёс смерць свайго бацькі;
- пасля смерці роднага бацькі Груноў А.М. цяжка перанёс з’яўленне ў доме сужыцеля роднай маці, які ўвесь час яе спойваў, прымушаў да ўжывання спіртных напояў;
- на гэтай глебе Груноў А.М. лячыўся ў псіхіятрычным шпіталі, пры выпісцы з якой яму быў пастаўлены дыягназ “затрымка псіхічнага развіцця”, “псіхападобны сіндром”.
Пасля выпіскі з псіхіятрычнага шпіталя Груноў А.М. з 2001 па 2005 гады знаходзіўся на ўліку ў псіханеўралагічным і наркалагічным дыспансерах з дыягназам “несацыялізаваны разлад паводзінаў” і “разлад паводзінаў” і быў зняты з уліку ў сувязі з пазбаўленнем волі па іншым крымінальным злачынстве…
Таксама з паказанняў у судзе сведкаў (яго грамадзянскай жонкі і сяброў) адназначна вынікае той факт, што ён мог у любы момант беспрычынна збегчы з дому, дыскатэкі, іншых месцаў; мог беспрычынна пайсці пабегаць па дахах дамоў ці пайсці купацца нават сярод ночы ў бліжэйшым кар’еры. Нават у сваім апошнім слове суду Груноў А.М. не змог патлумачыць матывы здзейсненага злачынства – ён толькі змог сказаць “Я не ведаю, як такое магло атрымацца”. Экспертыза ж сцвярджае адваротнае – Груноў А.М. на часовы разлад псіхікі, слабы розум не пакутваў і не пакутуе… І гэта пры тым, што Груноў А.М. ніякага лячэння не праходзіў, паколькі ў той час знаходзіўся ў месцах пазбаўлення волі…”.
Адвакат Грунова звярнуў увагу Вярхоўнага суда на тое, што пры наяўнасці супярэчнасцяў экспертызы пра стан здароўя яго падабароннага судовыя інстанцыі не выклікалі і не дапыталі асобаў, якія далі такое заключэнне, не ліквідавалі дадзеныя супярэчнасці экспертызы, а яе супярэчлівыя высновы паклалі ў аснову абвінаваўчага прысуду з вышэйшай мерай пакарання – расстрэлам.
Таксама адвакат указаў на парушэнні падчас допыту сведкаў: “Парушэнне артыкула 27 Канстытуцыі РБ – гэта допыт сужыцелькі Грунова А.М. Марозавай. Зыходзячы з пратакола судовага паседжання, Марозава заявіла, што яна паўтары гады жыла з Груновым А.М. і вяла з ім агульную гаспадарку. Пры гэтым як на папярднім следве, так і ў судзе ў яе не ўдакладнялі, ці лічыць яна Грунова А.М. блізкім сабе чалавекам. Толькі пасля атрымання адмоўнага адказу можна было б далей праводзіць яе допыт. У выпадку станоўчага адказу ў Марозавай мусілі ўдакладніць, ці будзе яна даваць паказанні ў дачыненні да Грунова. Але гэтага няма ў матэрыялах крымінальнай справы, і паказанні гэтай сведкі ў сілу артыкула 105 КПК РБ з’яўляюцца недапушчальнымі. Нягледзячы на гэтае парушэнне, суд паклаў паказанні Марозавай у аснову абвінаваўчага прысуду”.
Бок абароны назваў яшчэ адну важкую акалічнасць: “Суд першай інстанцыі прысудзіў Грунова А.М. да выключнай меры пакарання - расстрэлу, не прыняўшы пры гэтым у якасці змягчаючых віну абстваінаў яго чыстасардэчнае прызнанне ў здзяйсненні злачынства, яго яўкі з павіннай і добраахвотнага супрацоўніцтва са следствам. Хоць ён і прызнаў сваю віну, судовая калегія, ацаніўшы яго яўку з павіннай, прыняла яе як доказ яго віны ў злачынстве, паколькі, як указала ў прысудзе судовая калегія, першапачаткова выкладзеныя ў ёй факты аб’ектыўна знайшлі сваё пацверджанне падчас судовага разбіральніцтва, але пры гэтым не прыняла самую яўку з павіннай як змякчаючую віну акалічнасць”.
Да ўсяго, на самым пачатку было парушана права Грунова на абарону, як указвае адвакат: “Пасля дастаўлення Грунова А.М. у аддзел міліцыі яму ў адпаведнасці з артыкулам 45 КПК мусіў быць прадастаўлены адвакат, а толькі пасля гэтага ён мог быць дапытаны.
То бок у гэтым выпадку парушаны адразу чатыры [далей пералічаныя] нормы закона. Артыкул 62 Канстытуцыі РБ, паводле якога кожны мае права на юрыдычную дапамогу для ажыццяўлення абароны правоў і свабодаў. Пры гэтым адвакат прыбыў у аддзяленне міліцыі, калі Груноў А.М. напісаў павінную. То бок Груноў нават не паспеў рэалізаваць сваё права на бясплатную кансультацыю, і гэта пры асабліва цяжкім артыкуле, які ў якасці пакарання прадугледжвае выключную меру.
Артыкул 27 Канстытуцыі РБ – ніхто не мусіць прымушацца да дачы паказанняў супраць сябе, членаў сваёй сям’і, блізкіх, сваякоў. Доказы, атрыманыя з парушэннем закона, не маюць юрыдычнай сілы.
Пункт 1 артыкула 14 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах і артыкула 6 Пакта.
Пункт 3(b) артыкула 14 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах”.
“Вынясенне вышэйшай меры пакарання - смяротнай кары на падставе чыстасардэчнага прызнання, яўкі з пакаяннем і супрацоўніцтва са следствам з боку Аляксандра Грунова пры незахаванні з боку следства яго права мець абаронцу, прызнанне з боку суда першай інстанцыі Грунова ў стане свядомасці пры наяўнасці вышэйпералічаных супярэчнасцяў экспертызы і паказанняў сведак аб фактычным стане яго здароўя ўяўляе сабой парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва справы кампетэнтным, незалежным і неперадузятым судом паводле пункта 1 артыкула 14 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах”, - падвынікаваў Сяргей Красноў.
Прадстаўнікі кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” лічаць, што калі ўсе гэтыя і іншыя выкладзеныя абаронай акалічнасці будуць улічаныя і ім будзе дадзена прававая ацэнка судом першай інстанцыі пры паўторным разглядзе справы, то смяротны прысуд Аляксандру Грунову можа быць заменены на іншую меру пакарання, пажыццёвае зняволенне.