Мілен Фармэр падпісала петыцыю супраць смяротнай кары ў Беларусі
24 кастрычніка, за тры дні да прыезду ў Мінск, дзе Мілен Фармэр прадставіць публіцы сваё новае шоў "Timeless", яна падпісала петыцыю кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі".
Вядомая французская спявачка не засталася абыякавай, атрымаўшы зварот Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека (FIDH) і Праваабарончага цэнтра "Вясна", у якім праваабаронцы распавялі ёй пра сутнасць праблемы смяротнага пакарання ў Беларусі - апошняй краіне на еўрапейскай прасторы, дзе дагэтуль людзей пазбаўляюць жыцця ад імя дзяржавы.
"І не можа быць мэты больш высокай, больш святой, больш годнай за гэтую: пакончыць з пакараннем смерцю", - падпісаўшы петыцыю, Мілен Фармэр працытавала гэтыя радкі. Яны належаць французскаму пісьменніку Віктору Гюго, які ў прадмове да аповесці "Апошні дзень асуджанага" (1829) выступіў заўзятым праціўнікам смяротнага пакарання, запытваючыся, адкуль у аднаго чалавека з'яўляецца права пазбаўляць жыцця іншага, і сцвярджаючы, што яго роля - "роля заступніка за ўсіх магчымых падсудных, вінаватых або нявінных, перад усімі судамі і судзілішчамі, перад усімі прысяжнымі, перад усімі вяршыцелямі правасуддзя".
Петыцыя праваабаронцаў заклікае беларускія ўлады адмяніць смяротнае пакаранне ў краіне: "Сёння, калі ўсе краіны Еўропы і постсавецкай прасторы адмовіліся ад смяротнага пакарання, надышоў час і Беларусі далучыцца да гэтай цывілізаванай прасторы гуманізму, прасторы, вольнай ад забойства дзяржавай".
Актывісты кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі", якая праводзіцца ў краіне з 2009 года, прапануюць падпісаць петыцыю сусветна вядомым асобам - каб падкрэсліць значнасць самой праблемы і прыцягнуць увагу людзей ва ўсім свеце да смяротнага пакарання як да праблемы, якая не ведае нацыянальных межаў. У 2010 годзе петыцыю праваабаронцаў падпісаў вядомы брытанскі музыка Стынг, які выступіў з відэазваротам "Час змяніць гэта", а ў 2012 годзе кампанію падтрымала шведская спявачка Ларын, пераможца "Еўрабачання-2012".