Бяроза: суд стаў на бок выканкама ў справе забароны пікета супраць смяротнага пакарання
19 лістапада ў судзе Бярозаўскага раёна адбыўся разгляд скаргі праваабаронцаў Тамары Шчапёткінай і Сяргея Русецкага, а таксама грамадскай актывісткі Таццяны Тарасевіч на рашэнне райвыканкаму аб забароне пікета супраць смяротннага пакарання, які планаваўся 10 кастрычніка.
Заяўнікі прасілі суд прызнаць адмову ў пікеце неправамоцнай, паколькі рашэнне райвыканкама ад 9 лютага 2010 года “Аб парадку правядзення масавых мерапрыемстваў у Бярозаўскім раёне” выканаць проста немагчыма.
Справа ў тым, што згодна з рашэннем выканкама, разам з заявай на пікет павінны быць пададзены копіі дамоў з міліцыяй, ЖКГ і бальніцай на абслугоўванне масавага мерапрыемства. Разам з тым, паводле Пастановы Савета Міністраў ад 2012 года № 207, райвыканкам павінен даслаць у міліцыю копію зарэгістраванай заявы на пікет (чаго райвыканкам не зрабіў падчас прыняцця рашэння па забароне пікета) і толькі тады можа быць абмеркавана з райвыканкамам дзеянні міліцыі падчас пікету. Бярозаўская бальніца не заключыла дамову, бо гэта проста не прапісана ў дакументах Міністэрства аховы здароўя і няма нават прэйскуранта на гэта. У ЖКГ таксама адмовіліся складаць дамову на 10 кастрычніка, бо раптам успомнілі, што стадыёны з’яўляюцца ўласнасцю райвыканкама і параілі звяртацца па дамовы туды. Пры гэтым калі падавалася заява на правядзенне пікету 4 жніўня, ЖКГ пра гэта нават не ўзгадваў.
Мяняць рашэнне паводле больш позніх Пастаноў Саўміна райвыканкам адмовіўся. На судзе юрыст райвыканкама Яўген Кашталян заявіў, што яму ніхто з Саўміна не даў распараджэння мяняць рашэнне і прыводзіць яго ў адпаведнасць з Пастановамі.
Прысутны на судзе пракурорскі работнік Ірына Жыгалка, якая павінна стаяць на кантролі па выкананню законнасці, таксама апраўдала патрабаванні райвыканкама і ніякім чынам не адрэагавала на словы юрыста выканкаму, што сваё рашэнне яны не будуць мяняць паводле больш позніх Пастаноў Саўміна.
Суддзя Наталля Мінчанка пры прыняцці рашэння стала на бок райвыканкама і адмовіла праваабаронцам і грамадскай актывістцы ў задавальненні скаргі.
Заяўнікі пікета маюць намер абскарджаць рашэнне суда Бярозаўскага раёна, і ў выпадку, калі не змогуць дамагчыся аднаўлення парушанага права на мірны сход і выказванне меркавання ў беларускіх судовых інстанцыях, плануюць звяртацца ў Камітэт па правах чалавека ААН.