Швецыя - 103 гады без смяротнага пакарання
23 лістапада спаўняецца 103 гады з дня апошняга прывядзення ў выкананне смяротнага прысуду ў Швецыі.
Апошні раз смяротнае пакаранне ў Швецыі прыведзенае ў выкананне 23 лістапада 1910 года - на гільяціне абезгалоўлены Ёхан Альфрэд Андэр, які быў асуджаны да смяротнай кары за забойства 24-гадовай касіркі ў адной з крамаў Стакгольма падчас рабавання.
Апошняе пакаранне смерцю адбылося ў турме, якая знаходзілася ў цэнтры Стакгольма на невялікай выспе Лангхольмен. Турму зачынілі ў 1975 годзе пасля амаль 250-гадовага існавання. Пасля рэканструкцыі замест ізалятараў і камераў там з'явіўся гатэль - нумары і рэстаран.
Цяпер на фасадзе аднаго з будынкаў былой турмы ўсталяваная мемарыяльная скульптура - сімвалічная выява гільяціны, а на яе канструкцыі і профіль чалавека, пакаранага смерцю.
Апошняе пакаранне адбылося ў 1910 годзе, але смяротная кара ў Швецыі была адмененая ў 1921 годзе і гэта тычылася мірнага перыяду. А ў 1972 годзе ў краіне адмянілі вынясенне смяротнага прысуду і пакаранне смерцю ў ваенныя гады.
Паліна Сцепаненка, адмыслова для кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”