Андрэй Палуда: “Я выбіраю жыццё!”

Андрэй Палуда выступае ў Рыме.
Андрэй Палуда выступае ў Рыме.

Каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда, разам з  вядомай ў свеце змагаркай за адмену смяротнага пакарання ва Узбекістане праваабаронцай Тамарай Чыкуновай наведалі Рым, дзе прымалі ўдзел у мерапрыемствах, прысвечаных праблеме смяротнага пакарання і парушэнняў правоў чалавека.

28 лістапада адбылася сустрэча ў Папскім Латэранскім універсітэце Рыма. Тамара Чыкунова распавяла больш чым 1700 студэнтам гэтай установы сваю гісторыю жыцця, пра тое, як быў расстраляны яе сын, а праз нейкі час рэабілітаваны судом. А. Палуда распавёў пра смяротнае пакаранне, аб тых праблемах, якія  звязаныя з выкананнем смяротных прысудаў, пра тое, што наяўнасць смяротнага пакарання ў заканадаўстве робіць грамадства больш жорсткім і аніяк не спрыяе прафілактыцы цяжкіх злачынстваў.

У той жа дзень у парламенце Італіі адбылася сустрэча беларускага праваабаронцы з кіраўніком Камісіі па правах чалавека парламента Італіі Марыё Мазарацці, які да таго ж з’яўляецца віцэ-прэзідентам Сусветнай кааліцыі супраць смяротнага пакарання.

29 лістапада Андрэй Палуда азнаёміў удзельнікаў восьмага міжнароднага кангрэса міністраў юстыцыі, які адбыўся ў будынку мэрыі Рыму, са шматлікімі парушэннямі правоў чалавека ў Беларусі.

Беларускага праваабаронцу з цікаўнасцю слухалі шматлікія ўдзельнікі кангрэсу: больш за дваццаць міністраў юстыцыі з краін Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі, еўрапейскія ды італьянскія палітыкі, сярод якіх кіраўнік Сената Італіі Петра Грасса.

30 лістапада ў Рыме ля сцен Калізея прайшла знакавая акцыя “Гарады за жыццё, гарады супраць пакарання смерцю”.

Гэтая сусветная акцыя была запачаткаваная каталіцкай супольнасцю св. Ігідзія. На знак пратэсту ў розных кутках свету асвятляюць пазнавальныя помнікі архітэктуры ў найбольшых гарадах.  Удзел у гэтай акцыі традыцыйна прымаюць каля паўтары тысяч гарадоў з многіх краінаў свету.

Ля сцен асветленага ў той вечар Калізея, дзе сабралася некалькі соцен рымлян, з інфармацыяй аб наяўнасці смяротнага пакарання ў Беларусі выступіў і Андрэй Палуда (глядзець відэа ад 49 хвіліны), а на адмысловай сцэне адбыўся канцэрт.

 

Фота

Выступленне Андрэя Палуды ля сцен рымскага Калізея.
Сустрэча са студэнтамі Папскага Лютэранскага універсітэта
Пад час працы 8 міжнароднага кангрэса міністраў юстыцыі
Акцыя "Гарады за жыццё" у Рыме.

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны