Асноўныя аргументы за адмену смяротнай кары былі сфармуляваны 250 гадоў таму

Уладзімір Качаткоў
Уладзімір Качаткоў

У 2014 годзе спаўняецца 250 гадоў трактату «Аб злачынствах і пакараннях» Чэзарэ Бекарыа (CesareBeccaria. Dei delitti e delle pene), першае выданне якога з’явілася ў 1764 годзе. У гэтым трактаце ўпершыню былі сфармуляваныя асноўныя аргументы на карысць адмены смяротнага пакарання і катаванняў. Гэтыя аргументы выкарыстоўваюцца і ў сучаснай праваабарончай практыцы.

За 250 гадоў, якія прайшлі з моманту з'яўлення кнігі Беккарыа, яго класічная праца не страціла сваёй актуальнасці. Пра Чэзарэ Бекарыа і яго славуты тракт распавядае палітолаг Уладзімір Качаткоў.


- За 250 гадоў, якія прайшлі з моманту з'яўлення кнігі Бекарыа, яго класічная праца не страціла сваёй актуальнасці ...

- Ёсць ідэі, адкрыцці, якія надоўга (калі не назаўсёды) вызначаюць развіццё чалавечых супольнасцяў, апярэджваючы ​​час. Здараецца, гэтыя ідэі застаюцца незапатрабаванымі ў свой час, а потым, як лісты «да запатрабавання», вяртаюцца да людзей і становяцца нормай жыцця чалавечага грамадства. Часам бывае так - ідэі агульнавядомыя, а хто іх аўтар - людзям невядома наогул, альбо малавядома. Да ліку такіх ідэяў і аўтараў  далучаецца і ідэя пра неэфектыўнасць і нават шкоднасць выкарыстання смяротнай кары ў якасці меры пакарання. Ёсць адна з галінаў юрыдычных навук, якая называецца “пеналогія”. Што гэта за навука? Я часта задаваў гэта пытанне на 4 курсе юрыдычнага факультэта Гомельскага універсітэта. Само слова выклікала ўсмешкі, але адказу не было. Пеналогія - гэта навука пра злачынствы і пакаранні. І заснавальнікам гэтай навукі з'яўляецца Чэзаре Бекарыа, асновы гэтай навукі ён выклаў у кнізе «Злачынствы і пакаранні». Тут можна заўважыць, што Фёдар Дастаеўскі запазычаў назву гэтай кнігі ў якасці назвы знакамітага рамана «Злачынства і пакаранне». Пеналогия - гэта навука пра меру злачынства і меру пакарання, пра неабходнасць адпаведнасці меры пакарання здзейсненаму злачынству.


- У чым наватарства трактату Бекарыа?

- У межах гэтага даследавання ўпершыню ў гісторыі чалавецтва было аргументавана заяўлена пра неабходнасць адмены смяротнага пакарання ў якасці меры пакарання. Ён не толькі ставіць гэтае пытанне, але і распрацоўвае цэлую сістэму аргументацыі. Чэзарэ Бекарыа, сыходзячы з логікі натуральнага права, адмаўляе смяротнай кары ў праве быць правамернай мерай пакарання, ён выносіць смяротнае пакаранне па-за межы прававых законаў.


- Якія асноўныя аргументы Чэзарэ Бекарыа?

- Чэзарэ Бекарыа адмаўляе дзяржаве ў праве выкарыстоўваць смяротнае пакаранне. Ён лічыць, што выкарыстанне смяротнага пакарання - гэта не права, а гэта вайна дзяржавы з грамадствам. Калі адным з аргументаў, які звычайна прыводзіцца на карысць смяротнага пакарання, што смяротнае пакаранне - гэта пакаранне, якое выкарыстоўваецца на працягу тысячагоддзяў усімі народамі. На гэта Бекарыа пярэчыць: практыкаваліся і чалавечыя ахвярапрынашэнні як «неабходнасць». І выкарыстанне смяротнага пакарання не з'яўляецца неабходнай мерай. Бекарыа лічыць, што смяротная кара не толькі не правамерная, але і неэфектўная з пункту гледжання эфектыўнасці, бо смяротнае пакаранне не спыняе злачынцаў. На думку Бекарыа, больш эфектыўнай мерай пакарання з'яўляецца пажыццёвае зняволенне. Неапраўданае смяротнае пакаранне яшчэ і таму, што мае незваротны характар, у выпадку смяротнага пакарання памылка суда непапраўная. Бекарыа паказвае, што смяротнае пакаранне не толькі неэфектыўнае, але і небяспечнае і шкоднае, бо спараджае ў людзей жорсткасць, амаральнасць, помслівасць, злараднасць. Калі мы звернемся да сучаснай праваабарончай практыкі барацьбы за адмену смяротнага пакарання, то ўбачым, што ўсе гэтыя аргументы, сфармуляваныя Чэзарэ Бекарыа 250 гадоў таму. Цяжка сфармуляваць больш важкія аргументы, чым сфармуляваў Бекарыа.

- Дык навошта, на думку Бекарыа, выкарыстоўваецца смяртнае пакаранне?  

- Бекарыа піша: «Абсурдна, калі дзяржаўныя законы з аднаго боку ганяць і караюць за забойства, і ў той жа час дзяржава сама ажыццяўляе забойства». А ісціна, паводле вучэння Бекарыа, у тым, што законы пра смяротную кару, фармальныя працэдуры з'яўляюцца толькі шырмай для гвалту і дэспатызму дзяржаўнай улады, а асуджаныя да смяротнага пакарання - тое ж самае, што і чалавечыя ахвярапрынашэнні старажытным багам . Вучэнне Бекарыа на стагоддзі апярэдзіла свой ​​час. Частка яго ідэй, думак ўжо ўвасобілася ў юрыдычную практыку ў тых краінах, дзе смяротную кару забаранілі выкарыстоўваць у якасці меры пакарання. Але ідэі гэтыя, на жаль, дайшлі не да ўсіх, у тым ліку, і не да ўсіх дзяржаваў. Як паказвае гісторыя права, справа за будучым у тым сэнсе, што барацьба за адмену смяротнага пакарання, гуманізм, прапаганда ідэй Бекарыа рана ці позна зробяць сваю справу, і людзі будуць ставіцца да смяротнага пакарання гэтак жа адмоўна, як мы цяпер ставімся да ахвярапрынашэняў.

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны