Прысуд Аляксандру Грунову будзе вынесены заўтра
Аляксандр Груноў быў прысуджаны да расстрэлу на падставе п.6 ч.2 артыкула 139 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. 25-гадовы хлопец здзейсніў забойства сваёй знаёмай студэнткі Наталлі Емельянчыкавай. На судзе ён патлумачыў, што за некаторы час да сустрэчы яна абразіла яго ў кампаніі знаёмых людзей і не папрасіла прабачэння. Гэта і стала прычынай агрэсіі. У выніку ён нанёс ахвяры 102 нажавыя раненні.
Рашэнне суда першай інстанцыі - смяротнае пакаранне. Аднак Вярхоўны суд у кастрычніку накіраваў гэтую справу на новы разгляд, паколькі быў выяўлены шэраг парушэнняў, якія знайшлі сваё адлюстраванне ў матэрыялах крымінальнай справы, але на якія суд першай інстанцыі не звярнуў увагі.
У прыватнасці, адвакат Грунова Сяргей Красноў у Вярхоўным судзе адзначыў, што была парушана прэзумпцыя невінаватасці ў дачыненні да яго падабароннага (арт. 26 Канстытуцыі РБ і п.2 арт.14 МПГПП), парушаны прынцып роўнай абароны і спаборнасці судовага працэсу (арт.22 Канстытуцыі РБ і арт.24 КПК РБ), існавалі супярэчнасці, звязаныя з псіхолага-псіхіятрычнай экспертызай стану здароўя Грунова.
Апроч таго, абаронца настойвае, што яўка з павіннай Грунова ў міліцыю з'яўляецца змякчаючымі абставінамі.
- Усё абвінавачванне будуецца на паказаннях Грунова. Калі б ён не напісаў яўку з павіннай і наогул адмовіўся ад дачы паказанняў, было б вельмі складана даказаць яго віну. Яўка з павіннай сведчыць аб чыстасардэчным прызнанні і раскаянні. Ён не настолькі небяспечны для грамадства, каб не было іншай меры, акрамя расстрэлу. Да таго ж, Груноў з дзяцінства пакутуе засмучэннем асобы, яго бацьку забілі, маці піла, - завіў адвакат "Камсамольскай праўдзе ў Беларусі".
Адвакат настойвае, што крымінальнае заканадаўства Беларусі прадугледжвае, акрамя смяротнага пакарання, і іншыя меры пакарання - пазбаўленне волі на тэрмін ад васьмі да дваццаці пяці гадоў або пажыццёвае зняволенне.
Аднак дзяржаўны абвінаваўца настойвае, што Груноў уяўляе павышаную небяспеку для грамадства, таму патрабаванне пракурора ранейшае - смяротнае пакаранне.
Рашэнне суда будзе агучана заўтра, 24 снежня.