Уладзімір Караленка: Над адкрытай магілай расстрэльвалі ў патыліцу без цырымоній

Пісьменнік Уладзімір Караленка (1853-1921)
Пісьменнік Уладзімір Караленка (1853-1921)

Пасля рэвалюцыі 1917 года пісьменнік Уладзімір Караленка (1853-1921) працягнуў выступаць супраць смяротнага пакарання, яго пазіцыя не змянілася, у гады «чырвонага тэрору» ён спрабаваў ратаваць людзей з засценкаў НК.

Смяротнае пакаранне ён асуджаў у лістах да наркама асветы Анатоля Луначарскага, якія напісаў у Палтаве ў 1920 годзе, перад сваёй смерцю. Пісьменнік напісаў да Луначарскага шэсць лістоў, але ніводнага адказу не атрымаў. Сам Луначарскі, калі адказваў у 1930 годзе на прапанову перавыдаць яго перапіску з Караленкам, заявіў: "Што тычыцца маёй перапіскі з Караленкам, то яе выдаць ніяк нельга. Бо перапіскі - не было". Лісты атрымалі распаўсюд у спісах, а ў 1922 годзе былі выдадзеныя ў Парыжы.

З ліста першага:

"Пры царскай уладзе я шмат пісаў пра смяротнае пакаранне і нават адваяваў сабе права гаварыць пра яго ў друку нашмат болей, чым гэта наогул было дазволена цэнзурай. Часам мне ўдавалася нават ратаваць ўжо асуджаных ахвяраў ваенных судоў, і былі выпадкі, калі пасля прыпынення пакарання атрымлівалі доказы нявіннасці, і ахвяры вызваляліся (напрыклад, у справе Юсупава), хаця бывала, што гэтыя доказы прыходзілі занадта позна (у справе Глускера ды іншых).
  
Але пакаранне смерцю без суда, пакаранні ў адміністрацыйным парадку - гэта было найвялікшай рэдкасцю нават і тады. Я памятаю толькі адзіны выпадак, калі азвярэлы Скалон (варшаўскі генерал-губернатар) расстраляў без суда двух юнакоў. Але гэта выклікала такое абурэнне нават у вайскова-судовых сферах, што толькі "адабрэнне" неразумнага цара выратавала Скалона ад суду. Нават чальцы галоўнага вайсковага суда запэўнівалі мяне, што паўтор гэтага больш немагчымы.

Дзейнасць бальшавіцкіх Надзвычайных следчых камісій уяўляе прыклад, можа быць, адзіны ў гісторыі культурных народаў. Аднойчы адзін з чальцоў Усеўкраінскай НК, сустрэўшы мяне ў Палтаўскай надзвычайнай камісіі, куды я часта прыходзіў і тады з рознымі хадайніцтвамі, запытаў мяне пра мае ўражанні. Я адказаў: калі б пры царскай уладзе акруговыя жандарскія ўпраўленні атрымалі права не толькі высылаць у Сібір, але і караць смерцю, то гэта было б тое самае, што мы бачым цяпер.
На гэта мой суразмоўца адказаў:
 - Але ж гэта для народа.
Я думаю, што не ўсялякія сродкі могуць сапраўды выкарыстоўвацца на карысць народа, і для мяне несумненна, што адміністрацыйныя расстрэлы, узведзеныя ў сістэму і якія працягваюцца ўжо другі год, не належаць да іх ліку.

Аднойчы, у мінулым годзе, мне давялося апісаць у лісце да Ракоўскага адзін эпізод, калі на вуліцы чэкісты расстралялі некалькі так званых контррэвалюцыянераў. Іх ужо вялі цёмнай ноччу на могілкі, дзе ставілі над адкрытай магілай і расстрэльвалі ў патыліцу без далёкіх цырымоній. Можа быць, яны сапраўды спрабавалі збегчы (і не дзіўна), і іх прыстрэлілі проста на вуліцы з ручных кулямётаў. Як бы там ні было, народ, які з'язджаўся раніцай на рынак, бачыў яшчэ лужыны крыві, якую лізалі сабакі, і слухаў у натоўпе аповеды мясцовых жыхароў пра начное здарэнне. Я тады запытаўся ў Ракоўскага: ці лічыць ён, што калі гэтыя людзі былі б самымі злоснымі агітатарамі, ці маглі бы яны распавесці гэтаму натоўпу што-небудзь больш яскравае і больш абуральнае, чым гэтая карціна?

Павінен сказаць, што тады і мясцовы губвыканкам, і цэнтральная кіеўская ўлада неадкладна спынялі (два разы) спробы такіх калектыўных расстрэлаў і запатрабавалі перадачы справы рэвалюцыйнаму трыбуналу. Суд аднаго з асуджаных Надзвычайнай камісіяй да расстрэлу апраўдаў, і гэты прысуд быў сустрэты воплескамі ўсёй публікі. Апладзіравалі нават вартавыя чырвонаармейцы, адклаўшы стрэльбы. Пасля, калі прыйшлі дзянікінцы, яны выцягнулі з агульнай ямы 16 трупаў у стане распаду і паклалі іх напаказ. Уражанне было жудаснае, але - да таго часу яны самі расстралялі ўжо без суда некалькі чалавек, і я пытаўся ў іх прыхільнікаў: ці думаюць яны, што трупы расстраляных імі, выцягнутыя з ямаў, мелі б больш прывабны выгляд? Так, узаемнае азвярэнне дасягнула ўжо крайніх межаў, і мне горка думаць, што гісторыку давядзецца адзначыць гэтую старонку "адміністрацыйнай дзейнасці" НК у гісторыі першай Расійскай Рэспублікі, і не ў XVIII, а ў XX стагоддзі.

Зараз насельніцтва жыве пад ціскам жаху. Кажуць, быццам толькі частка імёнаў пакараных смерцю прыводзіцца ў спісе. Даходзяць да жахлівых чутак, быццам нават ранейшая працэдура яшчэ спрашчаецца да немагчымай адсутнасці ўсялякіх формаў, кажуць, што цяпер можна абыходзіцца нават без допыту падсуднага".
   
З ліста трэцяга:

"Расстрэлы без суда адбываюцца ў нас дзесяткамі, і - зноў мае запозненыя або беспаспяховыя хадайніцтвы. Вы скажаце: добра ж падчас міжусобіцы прапаведаваць лагоднасць. Не, гэта не тое. Я ніколі не думаў, што мае пратэсты супраць смяротнага пакарання, што пачаліся з "Бытавой з'явы" яшчэ пры царскай уладзе, калі-небудзь звядуцца на сціплыя пратэсты супраць пакаранняў смерцю бяссудных ці супраць дзетазабойства.

Мне прыйшлося яшчэ пісаць старшыні Усеўкраінскага Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта таварышу Пятроўскаму. Апошні ліст лічу таксама не лішнім прывесці тут.
"Шаноўны таварыш Пятроўскі.
Цяпер вырашаюся звярнуцца да вас. Справа гэта - хадайніцтва адносна малой дачкі селяніна Еўдакіі Пішчалкі, асуджанай палтаўскай НК да расстрэлу. Дванаццаць чалавек па гэтай справе ўжо расстраляныя. Пішчалка пакуль пакінутая да вырашэння яе лёсу ў харкаўскіх цэнтральных установах. Я не магу паверыць, каб у гэтых вышэйшых інстанцыях маглі ўхваліць расстрэл малалетняй, у чым ўжо ўсумнілася нават мясцовая Надзвычайная камісія. Сястра Пішчалкі едзе да вас з апошняй надзеяй. Няўжо магчыма, што яна вернецца без поспеху і гэтая дзяўчынка (ёй нядаўна споўнілася толькі 17 гадоў), якая перажыла ўжо жах блізкага пакарання смерцю і агонію некалькіх дзён чакання - будзе ўсё ж такі расстраляная?

Пятроўскі даў тэлеграму ў Палтаву - не прыводзіць прысуду над малалетняй ў выкананне, і Пішчалка, як кажуць, адпраўленая ў Харкаў. Але паколькі "адправіць у Харкаў" - гэта формула, якая ў нас раўназначная "адправіць на той свет" (так у даведачным бюро адказваюць родным пра расстраляных), то ў вачах насельніцтва лёс Пішчалкі застаецца змрочна-сумнеўным. ( ... ) Якраз на гэтым месцы майго ліста мне паведамілі, што да мяне прыйшла нейкая дзяўчынка. Я выйшаў і даведаўся, што гэтая дзяўчынка і ёсць Пішчалка. Яна вярнулася з Харкава вольнай. Гэта прынесла мне глыбокую радасць за яе і за яе сям'ю. Але - я не магу радавацца за нашу радзіму, дзе магла ісці гаворка пра расстрэл гэтага дзіцяці і дзе яе ўжо вывелі з арыштанцкіх ротаў разам з іншымі, якія назад не вярнуліся".

Перадгісторыя гэтых лістоў, пакінутых наркамам без адказу, такая: Анатоль Луначарскі прыехаў у Палтаву для сустрэчы з Уладзімірам Караленкам 7 чэрвеня 1920 году. На мітынгу ў гарадскім тэатры Караленка звярнуўся да яго з просьбай выратаваць пяцёх мясцовых жыхароў, асуджаных да расстрэлу. На наступную раніцу Караленка атрымаў запіску ад Луначарскага: "Дарагі , бясконца паважаны Уладзімір Галакціёнавіч. Мне жудасна балюча, што з заявай да мяне спазніліся. Я, вядома, зрабіў бы ўсё, каб выратаваць гэтых людзей дзеля Вас, - але ім ўжо нельга дапамагчы. Прысуд прыведзены ў выкананне яшчэ да майго прыезду. Шчыра Ваш Луначарскі".

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны