Кампанія “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”: пяць гадоў дзейнасці
Кампанія “Праваабаронцы супраць смяротнага пакаранняў Беларусі” аформілася ў пачатку 2009 года і пяцігоддзе ініцыятывы – гэта нагода, каб падвесці пэўную рысу. Што ўжо зроблена і што можна зрабіць для таго, каб дасягнуць большага? Пра дасягненні ініцыятывы і пра цяжкасці, з якімі давялося сутыкнуцца праваабаронцам за гэтыя гады, гутарка з каардынатарам кампаніі Андрэем Палудам.
- Якія асноўныя мэты, задачы ставілі перад сабою праваабаронцы, калі распачыналі кампанію?
- Асноўныя мэты і задачы кампаніі вынікаюць з самой назвы кампаніі. Мы накіраваныя на тое, каб смяротне пакаранне было адмененае ў Беларусі, і падтрымліваем ініцыятывы за адмену смяротнага пакарання ў іншых краінах. Наша галоўная мэта –увядзенне мараторыя як першага кроку. Мараторый у далейшым дазволіў бы паставіць тлустую кропку ў пытанні смяротнага пакарання ў нашай краіне.
У межах кампаніі існуе некалькі накірункаў. І адзін з важных накірункаў – юрыдычная дапамога людзям, асуджаным да смяротнага пакарання… Гэта робіцца, у тым ліку, і для таго, каб можна было пераканацца, што ідзе справядлівае судовае разбіральніцтва. Але, што тычыцца справаў “смяротнікаў”, то ўсе яны разглядаліся з дастаткова сур’ёзнымі парушэннямі, калі аналізаваць іх праз прызму міжнародных дамоўленасцяў. Вынік нашай працы ў гэтым накірунку – рэгістрацыя скарагаў у Камітэце ААН па правах чалавека па такіх справах. У ААН былі разгледжаныя звароты, накіраваныя ў межах кампаніі, па справе Уладзіслава Кавалёва і па справе Андрэя Жука. Варта адзначыць, што справа Андрэя Жука – першая справа ў нашай кампаніі, і гэта быў першы зварот, накіраваны ў Камітэт ААН па правах чалавека ў межах кампаніі. На сённяшні дзень свайго разгляду чакаюць яшчэ некалькі справаў, якія ўжо зарэгістраваныя ў Камітэце. Па гэтых справах адбываецца камунікацыя. Яшчэ ў 1999 годзе Камітэт ААН па справе Бандарэнкі, улічваючы тое, што цела расстралянага не выдаецца і пра месца пахавання і час смерці не паведамляецца, прызнаў, што гэта з’яўляецца бесчалавечым абыходжаннем і катаванннем. Таму адным з нашых накірункаў з’яўляецца праца са сваякамі асуджаных, каб яны не заставаліся сам-насам з гэтай праблемай.
Яшчэ адзін з важных накірункаў – інфармацыйны. Праблема ў тым, што вельмі шмат людзей у Беларусі не ведае, што ў нас існуе такі від пакарання, як смяротнае. Таму вельмі важна інфармаваць насельніцтва: што такі від пакарання існуе, і якім чынам і ў якім умовах яно выконваецца. Такім чынам мы прыадчыняем завесу сакрэтнасці над смяротным пакараннем. І яшчэ тут важнымі з’яўляюцца дыскусіі. Тэма смяротнага пакарання стала медыйнай – стала цікавай для розных сродкаў масавай інфармацыі, як афіцыйных, так і незалежных. Каментары пад такімі матэрыяламі на інтэрнэт пляцоўках бываюць розныя – як супраць смяротнага пакарання, так і за. Але для нас на сёння важная сама наяўнасць дыскусіі. І мы з павагай ставімся да кожнага меркавання, якое б яно ні было. І для нас вельмі важна, што ідэі адмены смяротнага пакарання ў такіх каментарах таксама бываюць топавымі.
- Падчас дыскусій які асноўны аргумент вылучаюць людзі супраць смяротнага пакарання?
- Часта людзі кажуць, што яны супраць смяротнага пакарання з-за магчымай судовай памылкі. Гэта сведчыць пра тое, што грамадзяне не давяраюць судовай сістэме. І гэта вельмі слушна, бо няма ідэальных судовых сістэмаў… А пры наяўнасці ў краіне смяротнага пакарання кошт такой памылкі можа быць у чалавечае жыццё.
- З якім цяжкасцямі сутыкаецеся падчас працы?
- Гэта цяжкасці, якія характэрныя для нашага грамадства наогул. Я ўжо згадваў пра завесу таямнічасці і сакрэтнасці вакол смяротнага пакарання. На сённяшні дзень мы, па вялікім рахунку, не можам сказаць, колькі дакладна чалавек у нашай краіне за час незалежнасці было расстраляна. Такой афіцыйнай інфармацыі няма. Інфармацыя не пра ўсе прысуды робіцца публічай і з’яўляецца ў СМІ.
І яшчэ адна вялікая складанасць – немагчымасць правядзення мірных сходаў і мерапрыемстваў, пікетаў, перфомансаў супраць смяротнага пакарання… На ўсе пікеты, заяўкі на якія падаваліся перад 10 снежня – Днём правоў чалавека, падчас тыдня супраць смяротнага пакарання, не было дазволу ад уладаў. І гэта яскравае сведчанне стаўлення ўладаў да праблемы смяротнага пакарання.