Прызначаная дата разгляду касацыйнай скаргі Лыкава, асуджанага на смяротнае пакаранне
Стала вядома, што касацыйная скарга па справе Эдуарда Лыкава, асуджанага на смяротнае пакаранне, будзе разгледжаная судовай калегіяй па крымінальных справах Вярхоўнага суда 15 красавіка (аўторак), пачатак паседжання ў 9.30.
Нагадаем, 53-гадоваму Эдуарду Лыкаву інкрымінавана пяць эпізодаў забойства ў стане алкагольнага ап’янення. Рашэнне аб смяротным пакаранні вынес Мінскі абласны суд 26 лістапада 2013 года. Аднак пад следствам Лыкаў знаходзіцца з 2011 года.
Следчыя і судовыя органы паведамілі пра справу Лыкава толькі пасля таго, як інфармацыю распаўсюдзілі праваабаронцы з "Вясны". Дагэтуль, ні пракуратура, ні Следчы камітэт, ні Мінскі абласны суд не паведамлялі грамадскасці пра гэту рэзанансную справу .