Сваякі расстралянага Уладзіслава Кавалёва праз суд патрабуюць паведаміць месца ягонага пахавання

Любоў Кавалёва.
Любоў Кавалёва.

Маці і сястра абвінавачанага ў арганізацыі тэракту у мінскім метро, пакаранага смерцю Уладзіслава Кавалёва звярнуліся да Старшыні Вярхоўнага суда з нагляднай скаргай. Яны патрабуюць адмяніць рашэнне суда Кастрычніцкага раёна г. Мінска і Калегіі па грамадзянскіх справах гарадскога суда. Абедзьве інстанцыі адмовілі ва ўзбуджэнні грамадзянскай справы на дзеянні КДБ, МУС і Дэпартамента выканання пакаранняў на адмову прадаставіць інфармацыю пра месца пахавання Уладзіслава.

Перад тым, як звярнуцца ў Вярхоўны суд, Любоў Кавалёва і Тацяна Козяр звярталіся ў Кастрычніцкі райсуд Мінска са скаргай на дзеянні КДБ, МУС і Дэпартамента выканання пакаранняў. А пасля адмовы ў разглядзе спрабавалі абскардзіць пастанову райсуду перад Калегіяй па грамадзянскіх справах Мінскага гарадскога суда. Але – безвынікова, бо калегія таксама пакінула без задавальнення прыватную скаргу Любові Кавалёвай і Таццяны Козяр. Суддзя Аксана Будоўская пагадзілася з высновамі суда Кастрычніцкага раёна Мінска аб тым, што разгляд дадзенага звароту не падведамасны агульным судам Беларусі.

У скарзе на імя Старшыні Вярхоўнага Суда, складзенай адвакатам Сяргеем Галубком, указаныя прынамсі два моманты, з улікам якіх скарга на дзеянні КДБ, МУС і Дэпартамента выканання пакаранняў мусіць быць разгледжана. Гэта два парушэнні заканадаўства і правоў родных Кавалёва.

Па-першае, раённым і гарадскім судом не было ўлічана меркаванне КПЧ ААН наконт таго, што быў парушаны артыкул 7 Міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Беларусь ратыфікавала гэтае пагадненне, адпаведна, мусіць няўхільна выконваць. Адмова разгледзець справу ў судзе абазначае, што Беларусь ігнаруе патрабаванні ратыфікаванага дакументу.

Па-другое, сваякам Кавалёва было адмоўлена ў рэалізацыі іх канстытуцыйнага права на незалежнае судовае разбіральніцтва і абарону ў судзе. Нават у тым выпадку, калі суд лічыць, што разгляд пытання пра месца пахавання пакаранага смерцю не падведамасны агульным судам Беларусі, сваякам мусілі паведаміць, у якую судовую інстанцыю яны могуць звярнуцца са сваёй скаргай. Тое, што выкананне смяротнага пакарання рэгламентуецца Крымінальна-працэсуальным кодэксам, не азначае, што ў судовым парадку нельга патрабаваць інфармавання сваякоў аб месцы пахавання.

Паводле нагляднай скаргі на імя Старшыні Вярхоўнага суда, Любоў Кавалёва і Тацяна Козяр патрабуюць, каб Прэзідуюм Вярхоўнага суда адмяніў рашэнні ніжэйшых судовых інстанцый. А справа супраць дзеянняў КДБ, МУС і Дэпартамента выканання пакаранняў, якія не выдаюць інфармацыі аб месцы пахавання Уладзіслава Кавалёва, была накіраваная ў Кастрычніцкі райсуд Мінска для разгляду па сутнасці.

Сваякі пакаранага смерцю Уладзіслава Кавалёва лічаць, што абвінавачанне ў тэрарызме і прысуд для сына і брата быў несправядлівы і неабгрунтаваны. Яны гатовыя змагацца за тое, каб даведацца праўду пра месца пахавання сына і брата на любым узроўні, у тым ліку міжнародным. Яны патрабуюць, каб рашэння Камітэта па правах чалавека ААН было выканана беларускай дзяржавай. КПЧ прызнаў, што ў дачыненні да Уладзіслава Кавалёва было парушана права на жыццё. А ў адносінах да заяўнікаў Любові Кавалёвай і Таццяны Казяр было парушэнна права на атрыманне цела забітага сваяка і інфармацыі пра час і месца ягонага пахавання.

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны