У Брэсце актывіста затрымалі за пікет супраць смяротнага пакарання
Актывіст руху «За Свабоду» Зміцер Рабцэвіч затрыманы 28 сакавіка ў Брэсце.
Да Рабцэвіча, які ў 17.30 у цэнтры горада на вуліцы Карла Маркса выйшаў з плакатам з надпісамі «Не хуткім расстрэлам» і «Жыццё ці смерць», праз 10 хвілін падышлі супрацоўнікі міліцыі. У 18.00 актывіста даставілі ў Ленінскі РАУС Брэста.
Як пазней стала вядома БелаПАН, Змітра Рабчэвіча адпусцілі з РАУС без складання пратакола.
«Гэта быў пратэст супраць хуткага прывядзення смяротных прысудаў у выкананне. Зміцер быў вымушаны пайсці на несанкцыянаваную акцыю, бо ў цэнтры горада правесці грамадзяніну пікет няма ніякай магчымасці. Улада іх не дазваляе», - паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк.
Ён адзначыў, што 28 сакавіка ў Савет міністраў накіраваны зварот аб увядзенні нормы ў заканадаўства аб пяцігадовай адтэрміноўцы выканання смяротных прысудаў. Дзмітрый Рабцэвіч - адзін з шасці аўтараў звароту.