Праваабаронцы змагаюцца за адтэрміноўку смяротных прысудаў
Берасцейскія праваабаронцы накіравалі ў Савет Міністраў зварот з прапановай унесці ў Крымінальна-выканаўчы кодэкс норму, якая прадугледжвае пяцігадовую адтэрміноўку выканання смяротных прысудаў. Пра гэта паведаміў берасцейскі праваабаронца, адзін з падпісантаў звароту Раман Кісляк.
- Было 6 падпісантаў. Берасцейскія праваабаронцы звярнуліся ў Савет Міністраў з патрабаваннем увесці ў парламент такі законапраект. Тэкст гэтага законапраекта мы далучылі да скаргі і заявы.
Нагадаем, на днях актывіста руху «За Свабоду» Змітра Рабцэвіча затрымалі ў Берасці за пікет супраць смяротнага пакарання. У міліцыі ў затрыманага ўзялі тлумачэнні і канфіскавалі плакат, пасля чаго адпусцілі. Актывіст хацеў прыцягнуць увагу да хуткага выканання смяротных прысудаў пасля ўступлення іх у законную сілу.