Гары Паганяйла: Прыйшоў час перагледзець закон пра смяротнае пакаранне
Праваабаронца Гары Паганяйла - пра тое, чаму смяротнае пакаранне з’яўляецца катаваннем для сваякоў расстралянага, пра «права на труп» і суб’ектыўнасць суддзяў пры вынясенні выраку – расстрэл.
- На падставе чаго ў Беларусі не выдаюцца сваякам целы расстраляных?
- У Беларусі працягвае дзейнічаць закон, які датычыцца яшчэ савецкага перыяду, калі пры выкарыстанні выключнай меры пакарання ў выглядзе расстрэлу труп пакаранага сваякам не выдаюць, месца пахавання не паведамляюць. І такім чынам спрабуюць зрабіць таямніцай і саму дату выканання прысуду, дзе пахаваны чалавек. Тлумачаць, што гэта робіцца для таго, каб не было апаганьвання цела расстралянага чалавека, які здзейсніў вельмі цяжкія злачынствы. Вядома, нармальнай такую практыку прызнаць немагчыма. Камітэт ААН неаднаразова заяўляў пра тое, што сама працэдура смяротнага пакарання ў Беларусі падпадае пад прыкметы катаванняў і бесчалавечнага стаўлення, як да самога пакаранага смерцю, так і да яго сваякоў. Не паведамляюць пра дату выканання смяротнага прысуду, а знаходжанне ў камеры смяротнікаў адбываецца некалькі месяцаў, гэта вельмі жорстка ўспрымаецца чалавечай псіхікай, асуджаны не можа рэальна ўсведамляць, калі прысуд буде прыведзены ў выкананне, калі наступіць апошні дзень яго жыцця, ён не можа падрыхтавацца да гэтага акту. Калі веруючы, то паспавядацца ў святара той канфесіі, да якой належыць. І гэта само па сабе з’яўляецца парушэннем артыкулу 18 Пакту пра грамадзянскія і палітычныя правы “свабода рэлігійных перакананняў, свабода на ажыццяўленне адпаведных рэлігійных культаў”. І ў адносінах да сваякоў пакаранага – гэта таксама катаванні, бесчалавечнае стаўленне, бо па дзеючым заканадаўстве сваякі маюць права на труп. Труп павінен выдавацца ў любых выпадках, яго нельга схаваць, калі труп выяўлены ў выніку здзейсненага злачынства. Тым больш, гэта належыць рабіць пасля здзяйснення смяротнага пакарання дзяржавай, труп мусіць быць выдадзены сваякам, каб яны маглі выкарыстаць мясцовыя традыцыі – нацыянальныя, абрадавыя, рэлігійныя з тым, каб час ад часу можна было бы наведваць магілу. Так, ён здзейсніў злачынства, быў асуджаны да смяротнага пакарання, прысуд быў выкананы… Але што гэта такое: калі не выдаюць цела? Гэта дадатковае пакаранне для сваякоў? Дадатковыя пакуты? Нават пры тым, што Рэспубліка Беларусь працягвае ажыццяўляць пакаранні, неабходна тэрмінова, з улікам грамадскай думкі, з улікам нашых нацыянальных традыцый стаўлення да нябожчыкаў змяніць саму працэдуру смяротнага пакарання – паведамляць дату выканання прысуду асуджанаму, паведамляць гэтую дату сваякам, выдаваць ім труп для пахавання ў тым месцы, дзе яны палічаць патрэбным.
- А праблема з магчымым апаганьваннем цела?
- Дарэчы, самі сваякі маглі б правесці пахаванне таемна, каб пазбегнуць магчымага здзеку над магілай. І такім чынам, тыя акалічнасці, пра якія часам разважаюць нашыя чыноўнікі, будуць скасаваныя. Але ў такім выпадку была б магілка, на якую маглі б прыходзіць і маці, і бацька, і браты, і сёстры ў пэўныя рытуальныя дні для правядзення абрадаў, якія адзначаныя ў рэлігійных і народных календарах. Напрыклад, ёсць такі дзень спецыфічны Радуніца – дзень памінання памерлых. І мы ведаем, што нашы грамадзяне наведваюць могілкі, дзе пахаваныя іх блізкія, родныя, сябры. І да пакараных расстрэлам можна было б так прыходзіць. У гэтым нічога такога няма – гэта цывілізаванае рашэнне. Але за гэтым цывілізаваным крокам можна было б зрабіць наступны крок – увесці мараторый на смяротнае пакаранне, а затым і – адмяніць смяротнае пакаранне па законе. Такая паслядоўнасць гаварыла б пра тое, што Беларусь гатовая ісці за цывілізаваным светам і разумець, што смяротнае пакаранне – часовае, што яно такім чынам і было ўключана ў нашу Канстытуцыю, наш Крымінальны кодэкс. Але прыйшоў час перагледзець закон пра смяротнае пакаранне і паступовымі крокамі выключыць яго з практыкі.
- А якая альтэрнатыва расстрэлу?
- Кажучы пра тое, што смяротнае пакаранне ўсё ж існуе ў Рэспубліцы Беларусь, неабходна памятаць, што з 1998 года ў Беларусі выкарыстоўваецца пажыццёвае зняволенне як выключная мера пакарання, альтэрнатыўная смяротнаму пакаранню. Але пры гэтым заканадаўца не ўстанавіў крытэрыяў, пры якіх можна ясна вызначыць: у якіх выпадках трэба выкарыстаць адну выключную меру пакарання – пажыццёвае зняволенне, а у якіх выпадках іншую выключную меру пакарання – у выглядзе расстрэла. І гэта, вядома, стварае цяжкасці ў працы суддзяў. І гэта ўносіць пэўны момант суб’ектывізму – асабістага стаўлення да абставінаў справы і таго, якая асоба прадстала перад судом – і якую меру пакарання абраць. Я нагадаю, што калі заканадаўца захаваў смяротнае пакаранне як ЧАСОВУЮ меру, прадугледжвалася, што гэтыя справы будуць разглядацца судом прысяжных. Гэта больш дэмакратычная форма судовай вытворчасці, якая ўлічвае больш шырокае меркаванне грамадзянаў, тых дванаццаці “раззлаваных” , якія вырашаюць лёс. Менавіта яны мусяць выказаць свае адносіны і вызначыць вердыкт: “вінаваты” ці “невінаваты”. Калі “вінаваты”, то ў якой ступені. І я перакананы, што такая форма судовага разбіральніцтва, калі грамадзяне з высокім маральным аўтарытэтам выклікаюцца да вытворчасці па крымінальнай справе ў якасці прысяжных, прынесла б тую гуманістычную ідэю і чалавечыя адносіны і ў нечым і хрысціянскае стаўленне, што караць смерцю ад імя дзяржавы нельга… І сама судовая практыка паступова б выкараняла выключную меру пакарання. Вось прысяжныя выказаліся, сказалі: “Так, вінаваты, але заслугоўвае толькі пажыццёвага зняволення, а не заслугоўвае смяротнай кары”. І мы ўсе цудоўна разумеем, пра гэта яшчэ казаў Мітрапаліт Філарэт: “Смяротнае пакаранне - гэта яшчэ адзін цвік ва ўкрыжаванне Хрыста”. Гэта грэх чалавеказабойства, але здзейснены ён ад імя дзяржавы, прычым, у выглядзе помсты. Таму суб’ектыўнасць у суддзі прысутнічае пры вынясенні прысуду.
- Адкуль бярэцца суб’ектыўнасць?
- Яшчэ да вынясення прысуду фармуецца грамадская думка, як гэта было па справе Канавалава і Кавалёва, калі кіраўнік дзяржавы казаў, што толькі самыя жорсткія меры павінны быць выкарыстаныя, – ён, па сутнасці, выносіў той вердыкт, які мусіў вынесці толькі суд. Фармуюць грамадскую думку і публікацыі ў прэсе, з парушэннем прынцыпу прэзумпцыі невінаватасці. Гэта ўсё ўплывае на суддзю. Ён такі самы чалавек і жыве ў гэтай рэчаіснасці, сярод людзей чытае тыя самыя газеты, глядзіць тое самае тэлебачанне. І, вядома, усё гэта нейкім чынам фармуе яго ўнутранае перакананне. І пры вынясенні прысуду ён кіруецца законам і сваёй унутранай перакананасцю. Без суб’ектывізму ў судзейскай практыцы немагчыма. Іншая справа, што дасведчаны суддзя і прафесіна мужны суддзя мусіў бы адрынуць грамадскую думку і сыходзіць з таго, што ён фактычна ўстанавіў у судзе, што было праверана ў судзе, што было пацверджана ў судзе, калі доказы даследуюцца па працэдуры, устаноўленай ў Крымінальна-працэсуальным кодэксе. Толькі такая вялікая душэўная і прафесійная праца дапаможа вынесці справядлівы вырак. Такі прысуд, які мы называем законным і абгрунтаваным.
- Ці кантактавалі Вы з суддзямі, якія выносілі смяротныя прысуды? Як яны сябе пасля адчуваюць?
- Так, вядома. Я і сам быў суддзёй. Праўда, улічваючы ўзровень майго суда – Народнага, нам не падведамасныя былі такія справы. Але мне даводзілася гаварыць з суддзямі ўзроўню абласных судоў, Мінскага гарадскога, Вярхоўнага, у мяне было шмат сяброў сярод судзейскага корпусу. І асабліва гучныя справы мы абмяркоўвалі, закраналі тэму душэўных перажыванняў, таго цяжару, які бярэ на сябе суддзя, калі выносіць смяротны прысуд - расстрэл. Перажыванні, паверце, вельмі і вельмі сур’ёзныя. Гэта вельмі цяжкая душэўная праца, і яна пакідае след і ў галаве, і на сэрцы, і на фізічным стане… Праца гэта цяжкая. Але суддзі звязаныя законам. Калі закон дапускае выкарыстанне такой крайняй меры пакарання як расстрэл, то па шэрагу справаў такія прысуды выносяцца. Не да кожнага можна дайсці і распытаць, і не кожны суддзя пагодзіцца на шчырасць, распавядаючы, якімі думкам ён кіраваўся, калі вызначыў адну альбо другую меру пакарання, у адным ці іншым выпадку. І асабістае стаўлення да смяротнага пакарання ёсць у кожнага суддзі, які выносіць падобнага роду прысуды.
Гутарыла Паліна Сцепаненка для кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”