Скарга Аляксандра Грунова на паўторны смяротны прысуд адхіленая Вярхоўным судом (анлайн)
Сёння адбудзецца разгляд касацыйнай скаргі паўторна асуджанага да вышэйшай меры пакарання жыхара Гомеля Аляксандра Грунова, пададзенай ад яго імя адвакатам Сяргеем Красновым, у судовай калегіі па крымінальных справах Вярхоўнага суда. Пачатак у 9-30.
14 чэрвеня 2013 года Гомельскі абласны суд пад старшынствам суддзі Сяргея Шамехіна вынес смяротны прысуд ў дачыненні 25-гадовага жыхара абласнога цэнтру Аляксандра Грунова па абвінавачанні ў забойстве студэнткі Наталлі Емельянчыкавай. У судзе абвінавачаны прызнаў сваю віну цалкам.
Аднак 22 кастрычніка 2013 года судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда адмяніла рашэнне суда першай інстанцыі, паколькі былі не ўлічаныя ні яўка з павіннай, ні супрацоўніцтва са следствам, а справу накіравала ў той жа суд для новага разгляду ў другім складзе суддзяў.
24 снежня 2013 года Гомельскі абласны суд пад старшынствам суддзі Анатоля Тозіка ў другі раз прысудзіў Аляксандра Грунова да вышэйшай меры пакарання – растрэлу.
Нягледзячы на паўторнае прызнанне віны ў забойстве дзяўчыны, асуджаны да расстрэлу жыхар Гомеля з прысудам зноў не пагадзіўся і праз адваката падаў касацыйную скаргу. Аляксандр Груноў лічыць, што суд павінен быў прыняць у якасці змякчаючай віну акалічнасці яго чыстасардэчнае прызнанне ў забойстве (яўку з павіннай) і супрацоўніцтва са следствам, як аб гэтым было указана ў вызначэнні судовай калегіі па крымінальных справах Вярхоўнага суда.
У сувязі з новым смяротным прысудам Кэтрын Эштан – вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах - асудзіла чарговы смяротны прысуд Аляксандру Грунову і ў чарговы раз заклікала беларускія ўлады ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне.
Малады чалавек плануе звярнуцца са скаргай у Камітэт па правах чалавека ААН, дзеля чаго праз адваката падпісаў адпаведныя даверанасці на імя сваёй маці і гомельскага праваабаронцы Леаніда Судаленкі, удзельніка кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі". паведамляе “Гомельская вясна”.
***
9-35. На суд прыехалі маці пацярпелай і абвінавачанага. Старшынствуючы па справе суддзя Валерый Калінковіч. Груноў ў клетцы, вакол яго 7 міліцыянтаў. Прадстаўнік абвінавачвання - пракурор Жачко.
Хадатайстваў бакі не прад'явілі.
9-40. Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка заявіў нядаўна, што Груноў павінен быць растраляны.
9-45. Адвакат Красноў не аспрэчвае віну Грунова, аднак улічваючы абставіны справы, просіць замяніць меру пакарання на пазбаўленне волі.
Яўка з павіннай, чыстасардэчнае прызнанне, садзейнічанне следству - змякчальныя абставіны, на якіх настойвае адвакат. Акрамя таго Грунова станоўча характарызуюць працадаўца, кіраўнік атрада калоніі, дзе ён адбываў пакаранне па першай крымінальнай справе.
9-50. Выступае маці пацярпелай Емельянчыкавай. Яна крытыкуе працу праваахоўных органаў, якія своечасова не ізалявалі Грунова, каб пазбегнуць злачынства. Па-ранейшаму падтрымлівае прысуд аб смяротным пакаранні.
10-00. Выступае пракурор Жачко.
Пракурор сцвярджае, што Груноў на шлях выпраўлення не стаў, уяўляе выключную небяспеку для грамадства. Таму настойвае, што змякчэння прысуду немагчыма.
10-05. У судзе абвешчаны перапынак да 11-30.
11-33. Судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда ў поўным аб'ёме адхіліла касацыю Аляксандра Грунова, пакінуўшы ў сіле смяротны прысуд.