Генеральная пракуратура адмовіла сваякам Уладзіслава Кавалёва ў аднаўленні справы
У сакавіку маці і сястра Уладзіслава Кавалёва, аднаго з расстраляных два гады таму па абвінавачанні ў здзяйсненні тэракту ў мінскім метро, накіравалі заяву генеральнаму пракурору Беларусі Аляксандру Канюку, дзе прасілі аднавіць вытворчасць па гэтай крымінальнай справе ў сувязі з новавысветленымі акалічнасцямі. Аднак ім адмовілі.
Сайт vitebskspring.org са спасылкай на БелаПАН цытуе словы праваабаронцы Рамана Кісляка:
«З адказу генпракуратуры, які атрымалі Любоў Кавалёва і Таццяна Казяр, вынікае, што рашэнне Камітэта па правах чалавека па справе Уладзіслава Кавалёва не ўваходзіць у пералік падстаў для перагляду справы па новаадкрытых акалічнасцях, прадугледжаны артыкулам 218 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу Беларусі».
Праваабаронца адзначыў, што маці і сястра Уладзіслава Кавалёва не згодны з такім адказам і маюць намер абскардзіць яго, бо лічаць: ёсць усе падставы для правядзення праверкі ў мэтах працэдуры распачацця справы па новаадкрытых акалічнасцях:
«У беларускім крымінальным заканадаўстве ў дачыненні да справы Кавалёва няма іншага прававога механізму выпраўлення парушэнняў, выяўленых Камітэтам па правах чалавека ААН».
На думку Рамана Кісляка, смяротны прысуд быў вынесены па выніках судовага разгляду са шматлікімі працэсуальнымі парушэннямі. Адзіная магчымасць для сваякоў Уладзіслава Кавалёва рэабілітаваць яго хаця б пасмяротна — гэта дамагчыся аднаўлення справы і яе паўторнага разгляду.
Любоў Кавалёва і Тацьцяна Казяр пісалі ў скарзе пра тое, што Камітэт па правах чалавека ААН, куды яны звярталіся раней, пастанавіў: беларуская дзяржава парушыла права на жыццё Уладзіслава Кавалёва. Паводле меркавання гэтага міжнароднага органу, пры разглядзе справы Кавалёва беларуская дзяржава парушыла цэлы шэраг палажэнняў Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах: забарону прымянення фізічнай сілы і прымусу дзеля атрымання паказанняў супраць сябе, прэзумпцыю невінаватасці, а таксама суд не быў незалежным. Да таго ж было парушана права на перагляд прысуду вышэйшай судовай інстанцыяй.
Смяротны прысуд Уладзіславу Кавалёву і Дзмітрыю Канавалаву, другому жыхару Віцебска, абвінавачанага ў здзяйсненні тэракту ў мінскім метро, быў вынесены 30 лістапада 2011 года Вярхоўным судом. 7 снежня асуджаны Уладзіслаў Кавалёў падаў прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі, аднак яму было адмоўлена. 11 сакавіка 2012 году маці і сястра апошні раз сустрэліся з Уладзіславам падчас спаткання ў СТЗА КДБ. А 17 сакавіка атрымалі з Вярхоўнага суда ліст аб тым, што прысуд ужо выкананы.
Сваякі не вераць у вінаватасць Уладзіслава Кавалева, лічаць крымінальнае абвінавачанне па гэтай справе сфальшаваным, судовае разбіральніцтва - несправядлівым, а прысуд – незаконным. Гэтую пазіцыю падзяляюць многія жыхары як Беларусі, так і замежжа. Маці Уладзіслава Кавалёва змагаецца за тое, каб ёй выдалі цела сына і паведамілі дакладную дату выканання смяротнага прысуду. Яна спасылаецца на рашэнне Камітэта па правах чалавека ААН, згодна з якім утойванне месца пахавання чалавека, да якога прыменена смяротнае пакаранне, расцэньваецца як катаванне.